Шрифт:
— А цяпер прапаноўваю тост за… «
Люда, паслухай мяне. Каб ты не думала, што я паставіў перад сабой мэту ўвесь час лавіць цябе на словах, іранізаваць, з’еднічаць, раз за разам сцягваць за нагу з рамантычнай ружовай гары да празаічна-вульгарнага падножжа.
Зусім не!
Я не настолькі кашчунны, каб высмейваць гэта. Больш таго — у глыбіні душы я твой саюзнік, я выдатна разумею, што рухае тваім пяром. Табе хочацца, ці хацелася некалі, каб так было: культурна, прыгожа, узвышана… Іскрыстае дарагое віно, «фрукты і закускі», дасціпныя тосты, крышталёвы звон фужэраў, прыемная музыка, ветлівыя, дасціпныя людзі…
Дык вось — каб ты трохі менш камплексавала, паслухай, што я табе скажу. Пазнейшае жыццё, трохі пакідаўшы мяне па свеце, нібы знарок, як па заказе падаравала мне цудоўную магчымасць параўнаня. І давялося, шчасце маё, набачыцца мне яшчэ і не такога, як ты апісваеш. Дзе і сталы ад заморскіх закусак ламаліся, і крышталь звінеў, і тосты гучалі, і музыка не такая, як нашае радыё, іграла; дзе плавалі дамы ў сваіх строях і дзе не толькі іх пінгвінападобныя кавалеры, а нават лёкаі-афіцыянты былі ў смокінгах.
І вось што я з гэтых параўнаняў вынес:
Там усё такое ж, як у нас: Толькі… горш у дзесяць раз!І крама нашая была большая за іхнія палацы, бо ўбірала ў сябе тады ўвесь Сусвет, і «Агдам» наш лепшы, і закуска смачнейшая, і словы шчырэйшыя, а галоўнае, ты, наша дама, мая дзяўчынка, у трыко і ў маечцы, босая — была ў мільён разоў прыгажэйшая, чысцейшая, лепшая… Вось.
Было ў нас з табою ў тыя гады ўсё наперадзе, а ў іх, каму ты падсвядома зайздросціш, — даўно… безнадзейна… ззаду… ззаду…
Раздзел ХIV. Працяг банкета
Выварочваем кашалькі, кішэні, скідваемся. Вова-Янка падлічвае пакамечаныя рублі і белыя і жоўтыя капейкі: абавязкова трапіцца адна гнутая, страшная, чорная, дарма што аб пясок шараваная; і вартасць ёй — капейка, а клопату — на рубель: прымаць не хочуць, крык, гвалт, але збыць якую — справа гонару. Усё падлічана, усяго хапае — і на закуску, і на тыя ж шакаладкі. Вова ідзе да прылаўка:
— Нешта галава баліць. Як бы выпіць, закусіць… — рыфмамі пачынае ён.
— Маёй галавы не дуры, купляй хутчэй, — злуецца цётка Валя. Але, атрымаўшы шакаладку, лагаднее.
Ізноў пайшла шклянка па крузе… Гармідарчык… Музыка з радыё… Усе гавораць, і ўсіх стараецца перакрычаць цётка Валя. Ты грызеш, трымаючы, як вавёрка, аберуч шакаладку. Банкет наш у поўным разгары.
— Не, а калі… дапусцім? — чапляецца да Вовы-Янкі Чарняк. — Проста дапусцім?!
— Дапусцім, мы прапусцім…
— …Гэта мая дзяўчына, — мой голас. — Праўда, Людка? Калі ты паспела вырасці?
— А ты і не заўважыў, — падлізваецца да мяне Гаўрыла.
— …Надта ж спрытна наш Чарняк залівае ў гарляк, — Вова-Янка ківае на акно, за якім не так далёка, пад дубамі, могілкі. — Каб у тым вунь дубняку не паслалі Чарняку…
— Можа, табе яшчэ раней за мяне пасцелюць, — крыўдзіцца Чарняк. — Дапусцім…
— Дапусцім — мы прапусцім…
Колька Гаўрыла, узбадзёраны тым, што хоць на міг, хоць частачку ўвагі атрымаў, падсунуўся да мяне, шморгае за рукаво і мармыча штосьці. Я падстаўляю вуха.
— … Дык мо хоць ты… У нас мазгі адпітыя, языкі конскія… А ты — пішы, нікога не слухай… Пра маю бяду напішы… Хай ведаюць, што і мы жылі такія на свеце… Мы нічога не бачылі, дык хоць ты пажыві заместа нас…
Коля, Коля. Тут за сябе не ведаеш, як дажыць, не тое што за кагосьці!..
Не адзавецца больш Коля. І ніхто ўжо з той кампаніі не адзавецца, не скажа, ці апраўдаў я хоць мізэрам авансы, што так шчодра раздавалі вы мне ў той чэрвеньскі вечар. Разаб’ецца насмерць на сваім матацыкле Вова, у першы ж дзень вяртання з арміі — так у форме яго і пахаваюць. Замерзне пад сцяною гэтай самай крамы ў лужыне ўласнай мачы Коля Гаўрыла. Віця Чарняк нядаўна таксама памёр. І ад крамы нашай каменя на камяні на засталося, нават узгорка, крапівай парослага, — нічога! — роўнае месца пад плотам. І клуб, гістарычны помнік наш, апошняе дажывае… І ў цябе, Людка, сын ужо большы, чым мы былі тады…
Вось жа свалачны час! Бульдозерам зраўняў, асфальтавым катком пад сябе падабраў і добрае, і кепскае, і якое хочаш! Адно злараднае суцяшэнне ад смерці — тое, што не будзе нарэшце гэтай пачвары — Часу. Ну і ўсё! Паміраць дык паміраць!
…Акаселых сяброў — многа ім трэба? — выводзілі па чарзе пад рукі Вова-Янка з аднаго боку, я — з другога. Пасадзілі побач пад плотам на траўку, прыхінулі плячамі. Валодзя адкінуў падножку, патармасіў матацыкл — ці плёхае ў баку бензін.
Праз расчыненыя, завешаныя ад мух гардзінаю дзверы крычыць цётка Валя: