Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Жана сама не ведала, што гаварыла. Вінярскі не быў у яе першы, проста ёй заўсёды хацелася, каб так было, і яна выдумала для сябе гэтую легенду, што ён — галоўны віноўнік яе падзення, выдумала і сама ў гэта верыла.

Зрэшты, Вінярскі не запярэчыў, сядзеў, прыгорбіўшыся. Жана прыпадняла яму за падбародак галаву, угледзелася ў вочы, папрасіла:

— Жэня, кінь дурыць… Ты ж яшчэ не ведаеш, якой я буду! Можа, я буду лепшая за якую-небудзь чыстую!..

— Гэта зусім не галоўнае.

— Тады што? Давай проста паспрабуем. I ўсё ў нас атрымаецца… Вось, толькі глянь!..

Жана выхапіла з пакета і кінула на столік перад Вінярскім цэлафанавы мяшэчак з далярамі.

— Што з табою?

Вінярскі ўвесь збялеў, адхіснуўся:

— Адкуль… гэта ў цябе?!

— Якая розніца? Зарабіла…

— Адкуль? Адкуль? — паўтараў Вінярскі, не зводзячы з мяшэчка вачэй.

— Добра — надумаешся, звані, — сказала Жана, забіраючы грошы назад. — З табою сёння сапраўды, я бачу, гаварыць без толку…

Адышла да дзвярэй, у парозе павярнулася — Вінярскі нават не падняўся, каб правесці, так і сядзеў, утаропіўшыся ў тое месца, дзе нядаўна ляжалі грошы. Жана не стрымалася:

— Давай, едзь на сваё дзяжурства… Хутчэй!

Толькі на вуліцы спахапілася, што забыла парасон, — падняла галаву, працягнула перад сабой далонь. Дождж перастаў. Ну і прыдурак! Нічога, падумаеш, апамятаешся — і сам прыбяжыш… Толькі цяпер мяне ўжо давядзецца ўпрошваць.

Жана ішла паўцёмнай вуліцай, абмінаючы калюжыны, і недзе паміж сваім домам і домам журналіста, каля аднаго з пад’ездаў, убачыла знаёмую чырвоную «мазду». Страх варухнуўся ў ёй, яна мацней прыціснула да грудзей пакет і спынілася, не даходзячы да машыны некалькі крокаў. Але яе ўжо заўважылі, адчыніліся пярэднія дзверцы, і яе пазвалі.

Яна падышла і нават у цёмным салоне пазнала аднаго з траіх, што былі ў машыне, — маладога, які сядзеў на заднім сядзенні. Ён вылез і ўзяў яе за руку:

— Ты што ж, на хаце прымаеш?

— Пусці!..

— Што за журналіст?

— Ды пайшоў ты… — агрызнулася, вырвалася.

Не паспела павярнуцца, як малады даў ёй аплявуху, і, здалося, пошчак адбіўся аж недзе ў пад’ездзе. У машыне засмяяліся. Яна задыхнулася, не так ад болю, колькі ад крыўды, — за што?! Хлопец вырваў у яе з рук пакет, кінуў у машыну, там адразу ж засвяцілася лямпачка.

— Дай, сволач! — ірванулася Жанна і атрымала другую аплявуху, яшчэ мацнейшую, ад якой ледзь не ўпала. Правяла далонню па твары і перш адчула, а потым і ўбачыла на пальцах кроў.

— О, дык нармальна! — пачулася з машыны. — Усё, квіты…

Малады сеў у машыну, вылаяўся чамусьці, «мазда» кранулася і хутка знікла з вачэй.

Глытаючы слёзы, размазваючы па твары кроў, Жана званіла з таго ж таксафона каля Васілёвага пад’езда, крычала на ўвесь двор. Яна бачыла, як рэдкія прахожыя бокам абыходзяць яе, а прамінуўшы, азіраюцца. Яна дабівалася нейкага Юру, крычала, што ў яе забралі шмат даляраў, што таго, хто яе біў, яна ведае. На тым канцы яе супакойвалі, перапытвалі, абяцалі разабрацца… Але яна раптам кінула трубку і пайшла дамоў, хістаючыся, як п’яная.

Яна ўжо не верыла, што можа быць некаму патрэбна, што нехта захоча ёй у нечым памагаць, хоць пальцам паварушыць за яе, яна адчувала сябе адной-адзінюткай і такой няшчаснай у гэтым мокрым, халодным, цёмным свеце…

Але Жана памылялася.

Вядома, сама яна (як і яе праблемы) мала каго цікавіла. Але паміж групоўкаю, што апекавала Жану, і паміж тымі, хто здабываў з той жа Жаны частку даніны, даўно рыхтавалася вайна: тых, што адабралі ў яе грошы, трэба было паставіць на месца. Ім і так да гэтага шмат чаго сыходзіла з рук. Можна было «збіраць даніну», а тым больш з прастытутак, якія прымалі «на хаце», як зрабіла Жана. Але не трэба было зарывацца. Шукалася толькі прычына, і яна была знойдзена.

Гадзін каля дзесяці таго ж мокрага, цёмнага вечара, у раёне Кунцаўшчыны, на перасячэнні вуліц Адзінцова і Якубоўскага бэзавага колеру «БМВ» дагнала чырвоную «мазду», падрэзала, «маздзе» нічога не заставалася, як прыціснуцца да тратуара і прытармазіць.

Разборкі былі доўгія. З адной машыны перасядалі ў другую, потым наадварот, галасы то прыціхалі, то зрызаліся на крык. З прачыненых дзверцаў «мазды» струменіўся цыгарэтны дым, быццам машына ўсярэдзіне гарэла; відаць, курылі ўсе адразу і не перастаючы. Затым адбылася кароткая сутычка, ускрыкнуў голас жаласліва, нібы прасіўся, і другі голас, уладны, узбуджаны, спытаў:

— Усё?! Яшчэ?..

— Усё! — адказаў нехта.

Адразу ж разбегліся па машынах, і машыны з месца, адна за адной, ірванулі ў цэнтр.

XIІІ

Вінярскі хадзіў па калідорах, шукаў рэнтгенолага (якога, як правільна заўважыў Васіль у «Мутным воку», вечна не было). Вырашыў яшчэ раз спусціцца ў прыёмны пакой і ў дзвярах, што вялі на лесвіцу, сутыкнуўся з двума мужчынамі, апранутымі ў спартыўныя касцюмы.

— Дзе тут у вас. Хірург, — спытаў адзін, старэйшы, з барадою, дакранаючыся пальцам да белага халата Вінярскага.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win