Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Бадай, дня не мінала… Спатканні іх сталі рэгулярнымі…»

Хочаш параду?

Надалей, калі будзеш пісаць пра каханне, ніколі не зводзь героя з гераіняй адразу пасля першай сустрэчы. Трэба час на роздум і адзіноту.

Тым больш, што ў нас з табой так і адбылося.

Ужо на наступны дзень пасля матацыкла, грушы і абдыманняў-цалаванняў я паехаў у тэхнікум, адтуль — у другі канец Беларусі, адбываць «працоўны семестр». Калі ж у канцы ліпеня вярнуўся — ужо ты была ў гасцях у цёткі ў Жытоміры і аб’явілася толькі на пачатку жніўня.

Значыць, перапынак паміж дзвюма сустрэчамі склаў без малога два месяцы.

Не ведаю, чым займалася ў сваім Жытоміры ты; я дык — калі ласка, ніякіх сакрэтаў, магу пералічыць. Лета. Веранда. Канапа-»бегемот» з выпуклым пасярэдзіне, цвёрдым, як дошка, матрасам, на якім спалася мякчэй і саладчэй, чым на пуховых пярынах. З вечара — чарвякоў капанне і вудак прывязванне да веласіпеднай рамы, з раніцы — кар’ер з аерам, з клубамі малочнага туману паўз берагі, з камарынай музыкай і танцамі паплаўкоў… Пасля абеду — лес, цішыня, прахалода, грыбы. Няцяжка ўгадаць, куды кожны раз самі вялі ногі — да чыгункі, да Казармы, да тваіх мясцінаў, тым больш гэты курс супадаў з найлепшымі грыбовішчамі…

Энергія. Здароўе. Спакойная прыемнасць ад маладосці сваёй і «Маладосці» куплёнай, што чакае дома непрачытаная. Няўдалыя, але настырныя спробы у нечым разабрацца, нешта ўхапіць, запомніць, зразумець ды яшчэ і зафіксаваць на паперы; напрыклад, тое ж чарвякоў капанне, які гэта цуд — пах вечаровай летняй свежай зямлі, і якая прыкрасць — выкалупваць потым гэтую зямлю з-пад пазногцяў!..

І — чаканне цябе.

Раздзел ХVІI. Другое спатканне

«Неяк аднойчы неяк пасля асабліва падоўжанага перапынку ў адносінах Ганулька вярталася з агарода, дзе займалася гаспадарчымі справамі. Да яе слыху данёсся шум матора. Затым — цішыня. І толькі тады яна пачула знаёмы голас… Валянцін!!! Сэрца яе моцна затукала, кроў прыліла да скроняў. Адначасова ёю апанаваў неадольны сорам за тое, што яна павінна зараз прадстаць перад каханым у такім непрыглядным стане. Ейныя некалі румяныя, як наліўныя яблыкі, шчокі апалі, скулы выпнуліся, яна мала ела, амаль не спала і нават пачала чэзнуць і марнець, як свечка…»

Ды нічога падобнага.

Калі ты ў канцы жніўня вярнулася са свайго Жытоміра, і мы з Вовам-Янкам прыехалі, і ты ўпырхнула праз веснічкі з агарода ў двор, з бярэмкам канюшыны — для трусікаў, як з вялізным бела-ружовым букетам, я сапраўды ледзь пазнаў цябе. Ты ператварылася ў зусім дарослую дзяўчыну… але каб толькі знешнія былі змены!

На маю прапанову «як наконт прагуляцца?», бо вечар ужо быў, ты спытала:

— А куды?

Што з табой здарылася, Люда?!

«З вялікай, непадробнай радасцю і ахвотай Гануля адгукнулася на выказванне прапановы жадання каханага пайсці пагуляць. Само сабою — да іхняй Грушы!

…У той незабыўны вечар яны вельмі шчыльна наблізіліся сябар да сябра… Духоўна. Адчуваючы, як коціцца ў невядомую, ды надта салодкую бездань яе душа, Ганна зрабіла слабую спробу выратаваць сітуацыю:

— Відаць, вы лічыце мяне адной з тых, з кім прывыклі мець справу ў сталіцы. Хай буду выглядаць у вашых вачах старамоднай, несучаснай, але я так выхавана традыцыямі сваёй сям’і, што для мяне не пусты гук такія паняцці, як гонар, годнасць, сумленне і цнота…

— Ні на хвілю не сумняваюся, Гануля! — палымяна ўсклікнуў Валянцін.

— Не! — спыніла яго парыванне дзяўчына. — Мне здаецца, вы не кахаеце мяне…»

З гэтай ахінеі можна вылушчыць хіба тое, што гуляць мы ўсё ж такі пайшлі. «Толькі доўга я не змагу», — папярэдзіла ты, зірнуўшы на новенькі залаты гадзіннік.

І ўсё было такім самым, як і ў першы раз: ноч, груша, калодзежны зруб, пахі і гукі лесу і чыгункі… І зноў мы сядзелі побач — вось толькі ты больш не прыціскалася да мяне, не брала маю руку і не клала сабе на сэрца, недаступнае цяпер, закрытае цяпер ад мяне не адным толькі станікам…

Замест наіўнай, мілай балбатухі я бачыў цяпер зусім іншую дзяўчыну, незнаёмую, незразумелую, з нейкай, да таго ж, задняй думкаю!

— Я пайду, — паднялася ты. — Добра?

Гадзіннік залаты… Чые гэта словы? Чые паводзіны? Адкуль ты гэтага нахапалася? Жытомірскі след? Узрост, у якім чалавек, тым больш дзяўчына, можа змяняцца на працягу дзвюх гадзін, калі не хвілін, не тое што двух летніх месяцаў?

Ці ты проста ўбачыла, адчула, што я ўжо ў тваёй уладзе? Што я, як тыя трусікі, закормленыя тваёй канюшынай, прыручаны?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win