Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

І ў той жа момант пашкадавала аб сваім рашэнні. Што ж, не паехала — трэба ісці пехам. Ганна добра перакусіла, апранула на сябе адкрытую летнюю сукенку, белыя туфлі на шпільках і выправілася спачатку дарогай лясной, потым пачалася сцежка палявая. З боку яе расла грэчка. З другога боку квітнеў авёс. А сама крама ўзвышалася ў пачатку вёскі. Была яна прыгожая, двухпавярховая, крытая чарапіцай. Гануля падыйшла да саменькіх дзвярэй. Узалася за ручку рукою, штосілы тузанула… І толькі тут заўважыла прысланёны да сцяны Янкаў матацыкл. Ну і шпаркі! Нічога сабе хуткасць!

Ганулька ўпіхнулася ў крыху цемнаватае, але светлае памяшканне, ветліва павіталася з прадаўшчыцай цёцяй Валяй…

І тут…»

Раздзел X. Раздваенне

Па-ранейшаму два чалавекі ва мне. Адзін прагне задаць табе, Люда, такога перцу, каб ты зараклася нават дакранацца да паперы; другі ж… Другі — да немалога свайго здзіўлення мусіць прызнаць, што ты сваім дрымучым графаманствам практычна дабіваешся таго самага, чаго іншыя дабіваюцца майстэрствам. Бо якая, па вялікім рахунку, розніца, пры дапамозе чаго дасягаць суперажывання — асноўнай мастакоўскай мэты: вастрынёй і навізной сюжэта, вытанчанымі дэталямі, карункамі тонкіх апісанняў або бессаромнай калькай, грудай штампаў і кучай банальнасцей? Мэта апраўдвае сродкі: не важна — як, важна — што. І самы бяздарны пісьменнік можа быць зразуметы і рэабілітаваны таленавітым чытачом…

Не ведаю, які чытач я, але, прынамсі, калі прабягаю па дыяганалі тваю пісаніну — два-тры словы на сказ, мне хапае, каб ажыла ў памяці і тая сцежка праз грэчкавае пахкае поле, аблітае сонцам і акружанае звонам пчол і званочкамі жаўранкаў, і дарога лясная, па якой аднойчы вяртаўся ад цябе, ведучы ў руках «веласіпеду» — сяброўку, куды больш за цябе надзейную, і такое стаяла цямноцце, так нічога не было відаць, што ісці можна было толькі задраўшы галаву, пазіраючы ўверх, на прасвет паміж вершалінамі хвояў, які святлейшай палоскай абазначаў дарогу…

Каб у жыцці не заблукаць, І з мэты каб не збіцца — Глядзі не на разоры, Лепш — на зоры!

Карацей, сваёй слабізной ты, сама не здагадваючыся, як на чароўных крылах пераносіш мяне ў маё лета, у маю маладосць, нарэшце — у маю краму, у нашу ніякую не цагляную, як у цябе, не двухпавярховую, а маленькую — на два вакны, старэнькую хатку, нешаляваную, з плямамі сівенькага лішайніку бярвеннямі, урослую ў зямлю ледзь не па вокны… Маленькая-маленькая, а ўсяго хапала, па што чалавек ішоў, тое і купляў… (Самарэдактура. Не без шкадавання выкідваю кавалак раздзела, каб паспець за табою; што ж ты там у той краме ўбачыла?)

«…Убачыла Валянціна ў коле сваіх сяброў за крайнім столікам. На століку — віно, цукеркі, фрукты… На Валянціне — адпрасаваныя штаны і беласнежная кашуля-апаш, з-пад якой выглядваў на смуглява-загарэлай грудзіне нейкі прыгожы медальён.

Убачыўшы дзяўчыну і адразу пазнаўшы яе, Валянцін перапыніў вясёлы смех. Хутка падняўся з месца, падыйшоў і, з галантным паклонам пацалаваўшы Ганне ручку, ветліва запрасіў яе скласці ім кампанію.

— Справа ў тым, — працягваў ён, — што ў адным сталічным папулярным часопісе з’явілася мая падборка паэзіі, за якую мне па пошце прыйшоў грашовы ганарар, і вось цяпер я адзначаю гэту падзею з блізкімі мне па духу таварышамі, сярод якіх, самі можаце пераканацца, на ганаровым месцы прысутнічае ваш брат Янка.

Усё гэта было прамоўлена вельмі добразычлівым тонам. Павагаўшыся, дзяўчына ў знак згоды кіўнула галавой. Падумаўшы, як добра, што яна адзелася ў святочныя строі адпаведна ўрачыстасці выпадку…»

Раздзел ХІ. Дэбют

На мне былі тыя самыя, што і ў клубе, любімыя старыя джынсы і тая ж клетчатая кашуля.

Што да цябе… «Адкрытая летняя сукенка» пры больш пільным разглядзе лёгка ператвараецца ў закасанае да каленяў трыко і адтапыраную на грудках, сінюю, з кароткімі рукавамі маечку, на шыі крыху расцягнутай, і таму ледзь не пры кожным тваім руху з-пад яе ў раёне пляча і ключыцы — з правага боку — выглядвала цнатлівая белата станіка…

Дарэмна ты так упарта і, на жаль, свядома выбіраеш падробку замест арыгінала. Табе ёсць чым ганарыцца, у цябе скарб, роўных якому няма: гэта маладосць, свежасць, здароўе, абаяльнасць — іх і выстаўляй на паказ, імі і карыстайся! Ну, навошта табе «бальныя туфлі на шпільках»? Калі твае босыя запыленыя ножкі, твае роўныя, зграбныя лытачкі — хай у драпінах, пісягах, у расчэсаных плямках камарыных укусаў, сваёй дарэчнасцю не саступаюць якім-небудзь (ты любіш аналогіі), ну, не ведаю, гогалеўска-»Оксаніным», абутым у абсыпаныя дыяментамі «черевічкі» з царыцынай нагі…

Далей па тэксце.

За адзіным у краме сталом мы не сядзелі, бо і не было на чым, а стаялі. Адна на ўсіх шклянка хадзіла па крузе. «Фрукты, віны і закускі» замяняліся ў нас дзвюма пляшкамі па нуль-сем «Агдама», івасінаю і паўбуханкаю хлеба, які ламалі і адшчыквалі пальцамі (нож цётка Валя не давала). Стол засланы быў газеткай — віноўніцай урачыстасці, раёнкай, у якой і быў змешчаны мой дэбют — селькораўскі допіс пра, дарэчы, той самы клуб, дзе мы з табою танцавалі.

«…Дыхтоўная будыніна з трывалага дрэва, на высокім старадаўнім падмурку выкарыстоўваецца безгаспадарліва, на вачах прыходзіць у заняпад, а калі падысці да справы з толкам (страчыў селькор) — у гэтым гмаху можна было б адчыніць медпункт, бібліятэку, гурткі «па інтарэсах», паказваць кіно, ладзіць дыскатэкі, бо моладзі, асабліва ў летні час, няма чым заняцца…»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win