Шрифт:
Цяпер думаю: а не дай Бог узялі б ды паслухаліся? Ды па «слядах публікацыі» адрэагавалі на сігнал? Адкрылі б дыскатэку, на якую спаўзаліся б з усёй ваколіцы. І танцы да ўпаду, і буханне электроннай музыкі, і — «не будут больше надо мной смеяться из твоего подъезда пацаны»… А па вуліцы як было б прайсці? А духмяныя летнія ночы на дваіх куды б падзеліся? А цішыня? А нашая лавачка пад ліпаю? А пах яблыкаў у жніўні? Мне тая дыскатэка трэба была? Ці ўсяго толькі карцела ўбачыць сваё імя і прозвішча, набранае тыпаграфскім шрыфтам?..
Раздзел ХІІ. Кампанія
«…Акрамя Янкі, за столікам прысутнічала яшчэ двое сяброў Валянціна. Калі ён, далікатна прытрымліваючы за локаць, падвёў дзяўчыну, яны падняліся. Янка застаўся сядзець. Пануры і прыгнечаны, ён не прымаў актыўнага ўдзелу ва ўсеагульным ажыўленні, выкліканым з’яўленнем Ганны… «
І чым цябе твой брат прагнявіў? За што ты яго атакуеш па ўсім тэксце? Ці гэта такі «літаратурны прыём» — падкрэсліваць прывабнасць і без таго станоўчага Валянціна ў параўнанні з тугадумам Янкам, маўчуном, у якога рот не закрываецца?
А між тым твой брат, а мой сябра быў во такі хлопец. У школе і вучні, і настаўнікі дражнілі яго Паэт — за ўменне рыфмаваць словы, іншы раз даволі нечакана:
Геаметрыі не будзе! Як гавораць — быць бядзе: Хоць ты памаліся Будзе!«…Валянцін прадставіў Ганне сваіх старэйшых сяброў. Яны былі ў строгіх цёмных касцюмах пры гальштуках… Па чарзе пацалаваўшы дзяўчыне руку, адрэкамендаваліся як Міхаіл і Віталій…»
Звалі іх Віця Чарняк і Колька Гаўрыла. Два бабылі-абармоты, аднаму пад 30, другому пад 40, два таварышы, два паплечнікі па змаганні на віна-гарэлачных франтах, падобныя тварамі і характарамі, без пары састарэлыя, абношаныя, апушчаныя, трохі блазны, трохі мацюкальшчыкі, трохі цынікі — і разам з тым амаль святыя (даволі распаўсюджаны тып мінулых 80-х); ні адзін, ні другі ніколі не паднялі рукі на жывёлінку, на ката, не тое што на чалавека. Гэта іх білі, як катоў, цвярозых і п’яных, у горадзе і ў роднай вёсцы, і з працы іх звальнялі, і замуж за іх ніхто не йшоў, а толькі насміхаліся з іх і за людзей не лічылі — не за п’янку, а менавіта за «добрасць», за няўменне на агрэсію адказваць агрэсіяй…
Абодва цяпер ашываліся на чыгунцы, «манцёрамі пуці» — усё на той жа вечнай чыгунцы, гэтай перавалачнай базе, гэтым чалавечым адстойніку, дзе знаходзілі прытулак розныя спітыя, пакрыўджаныя лёсам, абдзеленыя недарэкі і няўдачнікі; нікім не грэбавала добрая «пуць», усіх прымала ў сваё матчына лона, даючы блудным сынам хоць нейкі час на перадых і залізванне ранаў.
Чарняка ўпіхнулі туды сілком, праз суд — тады яшчэ быў артыкул за тунеядства. З Гаўрылам — цэлы анекдот. Замешаны на тапаграфіі, геалогіі, педагогіцы і фізіялогіі, акрамя таго на крыміналістыцы. Ты ж памятаеш, што непадалёк ад нашай вёскі геолагі нешта знайшлі: соль, ці нафту, ці мінеральную ваду; нават казалі, што і золата. Пакуль там тырчэла адна вышка і ў вагончыках жылі бураўшчыкі. Коля Гаўрыла неяк з імі знюхаўся і яго ўзялі на працу. Хадзіць блізка, аванс, палучка, надбаўкі, прэміі, галоўнае — гарачы абед, у вёсцы ж хто яму наварыць. Стаў наш Коля «тыпа чалавекам»! Пры пасадзе — хоць «пасада» вядома якая: забяры-падай. Нават піць менш пачаў. Нават улетку купіў цёплыя рукавіцы, каб зімою ў мароз пальцы да жалеза не ліплі.
Аднак не спатрэбіліся рукавіцы. На Кольчыну бяду, «Буравая-Палеская» ляжала амаль на самым крыжаванні дарог, якімі хадзілі і ездзілі школьнікі з вакольных вёсак і хутароў у местачковую дзесяцігодку. (Гэта тапаграфія з геалогіяй.) Пачалі заўважаць, што две старшакласніцы з дому выходзяць, а да школы як бы і не даходзяць. І наадварот: пасля школы не дамоў, урокі зубрыць, бягуць, а раствараюцца на паўдарозе… Шпіёністая класная кіраўніца не паленавалася, крадком, крадком — за дзеўкамі датэпала да «Буравой-Палескай», колькі трэба счакала, у вакенца вагончыка асцярожна заглянула… (Абяцаная фізіялогія.) «У самой унукі, але тако-о-га, што там выраблялі, дык гэта прабачце мяне!.. Карацей, дзевак ціхенька са школы павыганялі, з бураўшчыкамі — цяжэй; не яны ж — да іх бегалі. А меры прымаць трэба. Ахвяруюць «стрэлачнікам» — самым бязвінным Колькам Гаўрылам, звальняюць яго і ледзь не заводзяць на яго крымінальную справу.
«За оргіі», — адказваў ён на пытанне, за што цябе звольнілі.
Раздзел ХІІІ. Банкет
«…Новыя знаёмцы прыйшліся да душы Ганне. Віталій пачаў спрабаваць аказваць ёй розныя знакі ўвагі. Не паспела яна…»
Не паспела ты падысці, як Віталій… цьфу! — Віцька Чарняк палез цябе лапаць, абдымаць, а ты пішчэла, вылузвалася — зноў белая шлеечка з-пад ссунутай на плячы майкі, смеючыся, біла яго па руках… Звычайны рытуал сустрэчы вясковых дзеўкі з хлопцам, ледзь не абавязковая цырымонія, тое самае, як у «вышэйшым свеце» цалаванне ручак дамам і галантнае падсоўванне крэсла.
— Купілі б ёй шакаладку лепш, п’янтосы! — крычыць цётка Валя. Ад прылаўка да століка чатыры метры, але ў краме ўсе заўсёды гавораць толькі крыкам, тым больш радыё заўсёды ўключана. — А не рукі распускай! Трэба, каб свая ўжо такая бегала!
— Мо дзе і бегае, — лагодна адказвае Чарняк.
— У вас пабегае! Замест таго, каб дзяцей рабіць, дык яны… Да вас жа дама падышла!
— Дама, што табе купіць? — пытае Гаўрыла і дастае кашалёк. — Ці «чарнільца» вып’еш?
Аднак якраз з «чарнільцам» праблема. Пляшкі нашыя апусцелі. Вова-Янка бярэ адну, глядзіць на святло і кажа:
Не наліць лі нашай даме Хоць з паўшкляначкі «Агдама»?..— Я табе наллю! — крычыць цётка Валя — Што вам тут за кафэ-бар! Дзяцей мне тут спайваць будзеце? Оргіяў мне тут яшчэ не хапала, ці якой міліцыі! Цяпер не мароз — (нецэнз.) на вуліцу!..
«Ганульцы дасталося месца каля вакна. Перад тым Валянцін прапанаваў ёй крэсла і толькі тады, калі дзяўчына, падабраўшы сукенку, уладкавалася ямчэй, сеў сам. Вакно выходзіла на вуліцу. Уздоўж яе раслі магноліі. Яны акурат распускалі свае белыя, буйныя, ск сподкі, кветкі… Заходзячае сонца залаціла аблокі… А за сталом вялася лёгкая, непрымушаная гутарка… Звінелі фужэры, гучала прыемная музыка… Валянцін зрабіў знак і ўсе прыціхлі. Адкінуўшы сваім любімым жэстам валасы з лба…