Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Гэта што!.. А вось са мною было! — і пайшла-паехала задушэўная цягамоціна пра самае «запаветнае», самае «лепшае», самае «нешчаслівае»…

Але ўсё адно — выгаварыўшыся, апаражніўшы душу, можна супакоіцца, выцерці смаркачы, затушыць недакурак і з больш-менш спакойным сумленнем ісці ў «начнік» па дабаўку. А наперадзе яшчэ другая серыя, пад назваю «Суцяшэнне»:

— Ды яна пакутуе цяпер! Каецца, слёзы лье, локці кусае, месца сабе не знаходзіць… Чакай неўзабаве пісьма ці званка…

Так і чакаем. Хаваючы дзесь на самым донцы горкую здагадку, што абанент ці адрасат наш даўным-даўно забыў на наша існаванне, не тое што будзе памятаць нашы адрасы ці тэлефонныя нумары.

І вось — мне пашэнціла! Я, можа, адзін на сотню, хто сваго рэха з мінулага дачакаўся, свой ліст атрымаў. Ды яшчэ які! Канечне, першым пачуццём была радасць… Заслужаная (так нам здаецца)… І жаданне хутчэй даць адказ… Горача падзякаваць… Прызнацца, што таксама захаваў у памяці і тое лета, і запрашэнне на танец, і сваю Людку…

У тым і справа — Людку. А не Людмілу Аляксееўну. Пра якую што я ведаю? Ці — што хачу даведацца? Пра яе фізічныя перамяшчэнні ў прасторы і ў часе? Дык дзеля гэтага зусім неабавязкова, як пры запаўненні анкеты, наяўнасць суб’екта і зверка пашпартных дадзеных. Не трэба быць вялікім фантазёрам, каб і так усё ўявіць: ранняе замуства (калі не выходзяць, а «выскакваюць»), дзіця, развод, другі муж, другі развод і etс. Пераходы-перагрузкі-пераездкі… Вынік — глухая лясная станцыя, напаленая да духаты дзяжурка, бачок з вадой на табурэце, кубічны сейф у кутку, чугунны кампосцер на стале… Фуражка на падаконніку. Ногі ў хатніх пантофлях. Казённыя пінжак і сукенка. Скручаныя чырвоны і жоўты сцяжкі. Спецыяльная драўляная палачка — каб можна было, не ўстаючы з месца, дацягвацца да самай дальняй кнопкі на стэндзе-рэле. На вуліцы — прастуджаны станцыйны рупар:

«Дзяжурная слушае! Чацвёрты на трэцюю пуць! (Шчоўк, бульк, трэсь.) Паўтараю!..»

Так і я — паўтараю, што не аматар «сустрэч праз гады», усіх гэтых «вечарын аднакласнікаў», ды «каму за трыццаць»… Баюся разачаравання. Ёсць, ведаю (сам бачыў), жанчыны, што з гадамі толькі спраўнеюць, расцвітаюць і да 40 наліваюцца раскошнай-млявай, упэўненай у сабе і небяспечнай для іншых прыгажосцю; ні на хвілю не сумняваюся, што ты — з такіх (твая шляхетная парода)…

І ўсё ж не буду рызыкаваць. У мяне ёсць мая Людка, а Людміла Аляксееўна хай застаецца каму іншаму.

Другі момант — ад чыйго імя пісаць? У якой перад табою аб’явіцца іпастасі? Я ж не проста твой былы хлопец з далёкага лета, я ж яшчэ і афіцыйны рэдактар, зануда, які павінен чытаць тэкст не як асабістае, інтымнае пісьмо, а як чужы мастацкі твор, з усімі выцякаючымі…

Задачку задала ты мне!..

Раздзел IX. Дарога

«— Янка, раскажы пра Валянціна, — не раз дапытвала брата Гануля пасля таго вечара ў клубе.

Але маўчун — ён і ёсць маўчун. Ды Ганна так настойліва пачынала дакучаць яму, што Янка ўрэшце не вытрымліваў.

— Што пра яго многа расказваць, — хмурыўся ён. — Хлапец як хлапец. Ты б лепш на сваіх аднагодкаў заглядалася, а не на майго сябра, старэйшага за цябе, ужо дарослага Валянціна. Ці ты лічыш, што калі ён выпадкова запрасіў цябе на танец, дык гэта можа даваць табе нейкія спадзяванні на будучае? Раю табе выкінуць яго з галавы і заняцца лепш якою-небудзь карыснай справаю. Сям’я ў іх нешматлікая, — неахвотна працягваў ён свае скупыя словы, — сам Валянцін, маці, бацька, дзве сястры, старэйшая і малодшая, абедзве замужам і жывуць у горадзе, маці працуе ў калгасе, бацька — на ферме… Акрамя таго ў іх шмат радні — цётка Акуліна, баба Параска, дзядзька Стахвей — бацька таго самага стрыечнага брата Валянціна — Леаніда, якога нядаўна забралі ў армію і на провадах якога ты прысутнічала… Таксама з іхняй радні цётка Маланка, дзед Яцук і дзед Яўстрат…

Так, выцягваючы з маўчуна па слоўку, Ганна сёе-тое пра Валянціна даведалася. Аказваецца, ён яшчэ і піша вершы! Ніч-о-ога сабе-е! Гэта навіна значна падагрэла яе цікавасць.

Вось каб апынуліся яны разам! Хоць на тым жа мурожным беражку рэчкі Змейкі… Ён бы чытаў ёй вершы, яна — …

Але як пабачыцца? Шмат разоў дакарала Янку, чаму не запрашае свайго сябрука ў госці? Ды таму і клопату мала: удзень на чыгунцы, а ўвечары — пайшоў гайсаць па вёсках, толькі яго і бачылі!

Дзяўчына то гуляла-забаўлялася з сабакам Валетам, валтузіла яго за вушы… То карміла свежай травой трусікаў… Бавіла час на рэчцы, лузе і ў полі… І з нецярпеннем чакала вечара, калі прыдзе з працы ў поўным складзе яе сямейка. Тады яна няспешна паесць, хуценька пераапранецца, возьме сумку і павандруе ў вясковую краму. Туды праставала яна штодня. Тым больш, толькі там і можна было мець спадзеў хоць выпадкова сустрэцца з Валянцінам позіркамі, а калі пашэнціць, дык і словамі.

І ў той вечар, не паспела яна сабрацца, як Янка пачаў заводзіць матацыкл.

— Я з табой, — рашуча выказала свой намер дзяўчына.

— Што ж, калі ўзнікла такая патрэба — магу падкінуць да крамы, — нечакана буркнуў юнак. — Якраз туды і накіроўваюся. Там мяне ўжо чакаюць два таварышы па рабоце, Міхаіл і Віталій. Яны хоць і нашмат старэйшыя, але ў прыязных адносінах. Едзем?

— Не хачу! — сказала, як адрэзала.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win