Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Пайшоў спахмурнелы Васіль, і тая сустрэча такасама пачала забывацца…

Вінярскі зламаў цыгарэту, павярнуўся да асістэнта.

— Так, абход!

I асістэнт паслухмяна падскочыў, замітусіўся…

Асістэнт пабойваецца Вінярскага, паважае, але разам з тым лічыць яго трошкі «з заскокамі». Справа ў тым, што ў Вінярскага ёсць дзіўная звычка: на ранішніх абходах звычайна абыякавы, строгі, нават грубы з хворымі, ён адразу ж змяняецца, калі ўбачыць у якойсьці палаце маладога, бялявага чалавека. Тады ён робіцца ўвесь лагода, мяккасць; падсаджваецца да хворага на ложак, доўга гаворыць з ім, распытвае — і, самае дзіўнае, чамусьці стараецца гаварыць па-беларуску. I асістэнт, і сястра, і Сцяпанаў (калі бывае на абходзе Сцяпанаў), і нават іншыя хворыя ў палаце за спінаю ў Вінярскага пераглядваюцца, перасмейваюцца, але калі Вінярскі ўстае, усе робяць выгляд, што нічога не заўважаюць.

1994 г.

Пра аднаго пісьменніка

Светлай памяці М. П. Луферава

Частка І

Кароткае лета

І

Ён прыехаў у вёску дзённым аўтобусам, вылез апошні, трымаючыся за дзверы, — грузны, успацелы, замучаны дарогаю і перажываннямі, — і стаў там, дзе злез, каля самага аўтобуса, аддыхваючыся, апіраючыся на кіёк, апусціўшы ў прыдарожны пыл каля ног новую сумку. Стаяў прыгорблены, лысы, у акулярах, у белых пакамечаных штанах, у белай шырокай тэнісцы, нідзе нават не крануты загарам, быццам першы раз за лета выбраўся на сонца, і было, відаць, у яго выглядзе і ў паставе нешта бездапаможнае, жаласлівае, бо адзін з пасажыраў, што ехалі разам з ім і якіх ён нікога не пазнаў, мужчына ў трыко і з вядром у руцэ, ужо адышоўшы, раптам вярнуўся і спытаў, ці не трэба памагчы. Ён адказаў — не, не трэба, і падумаў, што ён не намнога старэйшы за гэтага мужчыну.

Ён аддыхаў, узяў сумку і пакульгаў патроху, шоркаючы па запыленым вясковым асфальце падэшвамі новых сандаляў з пакрыўленымі заднікамі, — клыпаў па вуліцы, якая помніла яго зусім іншага, якую і ён помніў іншаю і якую ўздоўж і ўпоперак апісаў у сваіх аповесцях і апавяданнях. Вуліца была роўная, доўгая і ўся зялёная, хаты стаялі блізка адна ад адной. Калі ён прыязджаў у пазатое лета, яшчэ здаровы, сям-там стаялі кінутыя, напаўразваленыя хаты — цяпер не было відаць ні адной такой. Новыя платы, у агародах — парнікі, замест кінутых развалюх — цагляныя дамкі, з балконамі, верандамі, мансардамі, выштукаваныя як цацкі. Вёска, пра якую ім столькі было панапісана з жалем расстання, як пра не сёння-заўтра нябожчыцу, раптам засялілася — хоць і чужымі людзьмі, ажыла, памаладзела, папрыгажэла, а ён, аплакаўшы яе ў сваіх творах, і не заўважыў, як сам апынуўся на краю магілы. Яшчэ са школы яго смяшыла, здавалася нейкай недарэчнай, дурною загадка: «раніцаю — на чатырох, удзень — на двух, увечары — на трох»; колькі б разоў ён гэтую загадку ні чуў, столькі яго смяшыла, што адказ — чалавек. I вось жыццё помсціла яму за той смех, правёўшы па гэтай вуліцы перш малога, калі поўзаў-гуляўся пад плотам у пяску, потым маладога і шчаслівага, калі хадзіў і бегаў, не чуючы пад сабою ног, і вось урэшце «ўвечары» ён клыпаў па ёй на трох — з кійком.

Ад прыпынку асфальт вёў уніз, да рэчкі, якая падзяляла вёску на дзве часткі. Там, каля рэчкі, у завулачку была яго колішняя хата, цяпер пераробленая чужымі людзьмі і чужая яму. Можна было ісці асфальтам да рэчкі і там павярнуць, а можна цяпер, каля калодзежа, сысці і дабірацца да вулічкі наўпрасткі сцежкаю між сотак. З гэтага калодзежа яны заўсёды бралі ваду — у іх, у нізіне, была нясмачная — і ён з двума поўнымі вёдрамі даходзіў гэтай сцежкаю да дому за пяць хвілін. Каля калодзежа на лаўцы сядзелі людзі; ён блізарука ўглядзеўся і не пазнаў нікога, але, не даходзячы да лаўкі, калі трэба было паварочваць на сцежку, раптам павітаўся. Яму гучна, на розныя галасы адказалі, і нехта спытаў: «Што, прыехалі ў радные места?» Ён адказаў — вось, прыехаў, і пакульгаў па сцежцы, чуючы, што сціх гоман, і ведаючы, што яму глядзяць у спіну. Машынальна, па прафесійнай звычцы ён падумаў, што трэба запомніць гэта на ўсялякі выпадак — як глядзелі ў спіну хвораму чалавеку (не забыць, што хворыя, пакуль прывыкнуць да сваёй хваробы, цураюцца людзей, якія помняць іх здаровымі), — падумаў і схамянуўся: нашвошта?! Для чаго і для каго яму цяпер гэта трэба запамінаць, дзе яно ўжо можа спатрэбіцца?

Сцежка выводзіла на вулічку з усяго трох хат — яны стаялі па адзін бок; па другі быў паплоўчык, потым рэчка і зарэчная частка вёскі. Бліжэй да асфальту стаяла кінутая хата, пасярэдзіне — іхняя (цяпер чужая дача), і апошняя, у самым канцы вулічкі, у алешніку — Лідзіная. Лідзіным дваром яму было ісці сама бліжэй. Звычайна, калі прыязджаў у тыя гады, ён так і хадзіў. Але цяпер ён баяўся сустрэчы і гаворкі з любым знаёмым чалавекам, тым больш з Лідаю. Хацелася толькі цішком дабрацца да ценю, да ложка, разуцца, прылегчы і проста паплакаць.

Ён прайшоў сваім колішнім дваром — як чужым, нічога вакол не пазнаючы і радуючыся толькі, што нідзе не відаць дачнікаў; потым, разораю, дабраўся ў самы канец сотак, дзе на чыстым месцы, на паплоўчыку, стаяла «сцёбка». «Сцёбкамі» ў іх зваліся маленькія хаткі, пабудаваныя пасля вайны, у якіх туліліся цэлымі сем’ямі, пакуль не перабіраліся ў новую хату. У каторы раз ён пахваліў сам сябе, што хапіла розуму не раскідаць, не прадаць гэтую хатку, у якую можна было прыехаць у любую пару года, дзе яму заўсёды так добра думалася і пісалася. I вось, як старога сабаку, што чуе смерць і сыходзіць з воч людскіх, і яго прыгнала не куды-небудзь, а сюды.

Паплоўчык вакол сцёбкі быў скошаны, і ён па маладой атаве даклыпаў да нізенькіх дзвярэй, пабіў кійком па іржавым замку, адамкнуў і ледзь адчыніў дзверы, якія аселі і ўпіраліся нізам у дол. У сцёбцы — невялічкай, тры на тры метры хатцы з адным акном, дзе неяк уціснуліся ложак, шафа, стол, табурэт і пасярэдзіне яшчэ астаўся кавалачак чыстай падлогі — было даволі светла, толькі моцна цягнула затхласцю. Ён не стаў зачыняць дзверы, апусціў каля парога сумку і цяжка прысеў на ложак, які зарыпеў пад ім усімі старымі спружынамі. Трэба было б праветрыць пасцель ці хоць бы вынесці на двор і выбіць капу з ложка, але ў яго ўжо не было сіл нават на гэта.

Ён скінуў сандалі, зняў шкарпэткі, паспрабаваў паварушыць пальцамі — ногі былі апухлыя, сінія, з раздутымі венамі, — потым прылёг на бок і адчуў страшную палёгку. Як заўсёды апошнімі часамі ў хвіліны палёгкі, слёзы падступілі да горла, але ён стрымаўся; чакаючы яшчэ больш моцнага прыступу шкадавання сябе, пачаў глядзець на столь, у акенца на сіняе неба, на сцены, на падлогу з квадратнай, закладзенай цаглінамі адтулінай, дзе калісьці стаяла іхняя маленькая веч, — паспрабаваў думаць пра тое, на што глядзеў. Сцены і столь былі акуратна абабітыя кардонам і пафарбаваныя бяліламі — ён у кожны свой прыезд падфарбоўваў, паднаўляў іх, і нават цяпер, запыленыя, пацямнелыя на швах, яны выглядалі сімпатычна. Што ён тады думаў, калі фарбаваў іх? Чаму не радаваўся, не бег у лес, на рэчку, не качаўся па траве?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win