Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Яшчэ пераглядаючы сваю першую невялічкую кніжку, перачытваючы адну-адзіную дзяжурную рэцэнзію на яе, я з горыччу вымушаны быў прызнацца: мне ў літаратуры мала дадзена. Параўноўваючы, супастаўляючы сваё з чужыя, я бачыў, што чужыя апавяданні неяк іскрыліся, дыхалі, аўтары не баяліся нязграбнасцей, паўтораў, адступленняў, неабавязковых, на маю думку, дыялогаў кшталту «Га?», ды «Ну?», ды «Вось як!», шчодра, па цэлых старонках апісвалі прыроду, не звязаную з адчуваннямі герояў, не рабілі ў канцоўках ніякіх абагульненняў, — але ў цэлым, калі чытаць іх, не думаючы пра тэхніку, гэта былі жывыя творы жывых людзей…

Але ў мяне былі і свае плюсы. Для маіх больш таленавітых сучаснікаў літаратура была — ва ўсялякім разе, напачатку — проста заняткам, хобі, а для мяне — лекамі, самім жыццём. Я, як тая жаба, кінутая ў смятану, вымушаны быў валтузіцца і таптацца, каб збіць цупкае масла і не патоняць. Я мог перапісваць аповесць ці апавяданне па чатырнаццаць разоў і, камбінуючы, шляхам спробаў і памылак, чыста матэматычна дабіваўся таго ж, чаго іншыя дабіваліся на адным дыханні, у хвіліны натхнення.

Вышэй згадваў, што ніводзін з планаў, запісаных перад чаканнем 32 гадоў, не быў рэалізаваны, — гэта няпраўда. Сёе-тое рэалізавалася, але як? Я абдумваў усё халоднай галавою, вывяраў кожны сказ, дабіваўся, каб у абзацы не было двух аднолькавых слоў, — але не ведаў натхнення, ні разу не было, каб старонкі з-пад рукі ляцелі…

Апавяданні, як сталі казаць, пачалі атрымлівацца «густыя», з ідэалагічнага і граматычнага боку вывераныя; апошняе — уменне пісаць без граматычных памылак, — відаць, найбольш і паслужыла таму, што мяне ў хуткім часе запрасілі на працу ў выдавецтва рэдактарам.

У параўнанні з газетнай рэдакцыяй тут быў проста рай. Самае галоўнае, усталяваўся рэжым. Раніцай — слабая кава, прагулка па блізкім лесапарку, аўтобус у цэнтр на працу, у выдавецтве — размовы, анекдоцікі, сустрэчы з аўтарамі, рэдагаванне чужога, увечары, дома, адна-дзве гадзіны матэматыкі-творчасці перад сном. Заўсёды перад сном, ніколі не больш двух старонак. Выхадныя, святы, асабліва адпачынкі — непажаданасць, бо гэта ж трэба думаць, для чаго жыву, ды нашто пішу, ды падбіваць «бабкі» — чаго ў жыцці дасягнуў у параўнанні з іншымі…

Сябры здзіўляліся, чаму я так марудна і мала пішу, калі ёсць такія магчымасці друкавацца. I сапраўды, у год я друкаваў адно апавяданне, рэдка два. За трыццаць гадоў ледзь набралася 10 аркушаў «Выбранага».

Дык што?

Пачатак лета. Хмарнага, дажджлівага, з перападамі ціску. Толькі што выйшла маё «Выбранае», нібы падвёўшы рыску пад пэўным адрэзкам жыцця. Апошні год я жыў, як па інерцыі, але вось-вось павінен быў быць адпачынак. А адпачынак — гэта час шчырасці перад самім сабою. У вольныя дні адпачынку я проста вымушаны быў бы прызнавацца сабе ў тым, пра што здагадваўся, але, закручаны ў рэжым, не хацеў думаць. А менавіта — маё «Выбранае», плён усяго жыцця, у параўнанні з тым, што вакол апошнім часам адбываецца і адбылося, нікому не патрэбнае. Ні чытачам, ні крытыкам, ні прадаўцам кнігарань, ні бібліятэкарам, — нікому ў свеце, і лепш было б і для мяне, і для ўсіх, каб гэтае «Выбранае» ўвогуле не выбіралася.

У такім настроі, з такім багажом я вяртаўся тады з працы. А хмара паўзе, а наперадзе — «маленькі адпачынак», выхадныя, а вось-вось сапраўдны адпачынак, а галоўнае — дома чакае новая аповесць, пра сучаснасць, ляжыць на стале чарнавік з героямі, якіх я не ведаю і баюся, і не люблю: нейкія бізнэсмены, прастытуткі, мафія, міліцыя… Чарнавік, за які я кожны вечар кідаю сябе сілаю…

Арганізм не захацеў цярпець гэтага.

* * *

Атрымліваецца, мой інфаркт — ад «Выбранага»? Якое паказала мне маю мізэрнасць? I калі б не выдаваў яго, калупаўся патроху, нічога б не было, жыў бы па інерцыі, як і раней?

Ох, гэтае «Выбранае»… 1987–1991. Гады, у якія ўсе ранейшыя крытэрыі, ідэалы перавярнуліся на 180 градусаў. «Выбранае» выбіралася, а час усё бег, усё змяняўся, і мае сакратары парткамаў, калгаснікі і партызаны аніяк за ім не паспявалі…

Дапускаю, што я ўсё жыццё сумленна, як умеў, стараўся кляпаць у мастацкіх вобразах тое, што не магло быць вечна, верыў у тое, у што нельга было верыць: у сацыялізм, у калгасы, у грамадства вышэйшай справядлівасці, у партыю камуністаў; таму і выйшла маё «Выбранае» эталонам таго, што нікому не трэба.

Дапускаю — я ўпарта і сумленна будаваў вось такую сцёбку, у якой цяпер сяджу, і сцёбка атрымалася цёплая, у ёй можна жыць, — але пабудавана яна не на цвёрдым грунце, а на ільдзіне. Ільдзіна растала.

Дапускаю — але што такое я? Акрамя таго, што сумленны рамеснік і добры рэдактар? Хто мяне дзе ведае? Мне мала дадзена, таму і мала з мяне можна ўзяць. Я пабудаваў на ільдзіне сцёбку, а нехта ж — цэлыя дамы, палацы! Ды па гэтай логіцы павінна была пачацца проста эпідэмія пісьменніцкіх інфарктаў, і чым больш таленавіты пісьменнік, тым больш яго павінна была аглушыць перамена веры!

* * *

Учора ўзяў у Ліды томік апавяданняў Шукшына, знайшоў апавяданне «Верую». У што ж?

«У авіацыю, у хімізацыю, у механізацыю сельскай гаспадаркі, у навуковую рэвалюцыю, у космас і бязважкасць, у барсучынае сала, у стаячую аглоблю — бо ўсё гэта аб’ектыўна!»

Калі ў гэта верылі лепшыя з лепшых, дык што казаць пра «масы»? Вось гэтая «аб’ектыўнасць» і звязвала, як раствор цагліны, эпізоды ваенныя, калгасныя, партыйныя, гістарычныя, палюбоўныя ў апавяданнях, аповесцях і раманах.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win