Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Душа, — сказаў Васіль, у каторы раз закурваючы, — гэта нешта супрацьлеглае, рэзка адваротнае розуму і логіцы. Гэта тое, што па-расейску называецца «совесть».

— Сумленне, — паправіў стары.

— Сумленне — мякчэй, бліжэй да дабрыні, шчырасці, а «совесть» — акурат тое, што трэба. У нашай мове яму адпаведніка няма, як няма і ў шмат якіх іншых мовах — дакладна ведаю, што ні ў французскай, ні ў англійскай… Тлумачу, што душа — «совесть» — адваротная логіцы і розуму на канкрэтным прыкладзе. Ты, — паказаў ён на Сымона, — знаходзіш партманет, у якім грошы і мае дакументы. Мы — сябры. Розум і логіка скажуць табе, што грошы трэба прысвоіць, партманет з дакументамі падкінуць мне, альбо выкінуць у сметніцу, альбо проста знішчыць. «Совесть» скажа, што трэба аддаць мне ўсё. Пачынаецца раздваенне, нейкае гайданне з боку ў бок: розум гайдане ў адзін, «совесть» — у другі. Вось амплітуда гайдання — велічыня размаху гэтага маятніка — якраз і ёсць душа. У адных гэты маятнік за ўсё жыццё можа нават не зварухнуцца, у другіх — гайдаецца больш, у трэціх — менш… Розныя велічыні душы.

«Ведае! — упэўніўся Вінярскі. — Не проста так гэты прыклад…»

— Помню, малога, матка ўзяла мяне ў горад, — сказаў Сымон, ажывіўшыся, — і я знайшоў на вуліцы кашалёк. Новенькі, пахучы… Сэрца ад радасці ледзь не выскачыла. Адчыняю — а там пуста. А, зрэшты, і пусты згадзіўся: служыў мне верай і праўдаю да — добра помню — 17 студзеня 1964 года.

I ён замоўк, задумаўся.

— А дзе потым кашалёк дзеўся? — спытаў Вінярскі.

— Згубіў. Але ўжо з грашыма! Такая ўжо наша беларуская доля — падбіраць пустое, а губляць поўнае…

— Не, усё не тое, — гнуў Васіль. — Галоўнае — не душа, а любоў да Радзімы і каханне да жанчыны…

— Вось, правільна! — адразу ж падтрымаў Сымон, але было відаць, што ён падтрымаў бы любыя Васілёвыя словы.

Вінярскі ўспомніў дзяўчыну на могілках, падобную на манашку, і другую дзяўчынку-красуню ў чорнай хустцы, і яму таксама, як і Сымону, захацелася неяк пахваліць бялявага, паддобрыцца да яго.

— Якая прыгожая ў цябе дзяўчына, Васіль, — сказаў ён. — Я бачыў там, на могілках…

— Міла — гэта цуд. Яна добрая, прыгожая, кахае мяне — а цяпер, пасля смерці бацькі, я зусім адзін у яе астаюся… Але, сябры мае, я ўсё ж — творчая натура!.. Мае нервы ўвесь час узвінчаны, мне трэба альбо цыгарэта, альбо гэтая вось чарка, альбо нешта яшчэ новае… Навая дзяўчына! Я разумею, што гэта спальвае мяне, як свечку, з двух канцоў, але і рады быць бы іншым, ды не магу. Мне хочацца быць паўсюль адначасова: то ў вёсцы, у хаце, жыць аднаму, то праз момант — апынуцца на ялцінскім пляжы, сярод людзей, нырнуць да самага дна, каб салёная вада зайшла ў нос, то хочацца пажыць у сям’і — жанатым, паважным, каб іншыя зайздросцілі, то праз міг хочацца стаць жабраком, гнаным бомжам, ад якога ўсе адварочваюцца, але ў якога на душы — ціха, спакойна, нічога ні ад кога не трэба, а яшчэ праз міг — хочацца быць самым багатым чалавекам зямлі, шахам, са сваім гарэмам… Міла — дзяўчына, якія, можа, нараджаюцца раз у сто гадоў, мне яе Бог паслаў… Чаму я, Вінярскі, і не вінавачу цябе — так выйшла, што сваім свінствам ты памог мне пазнаёміцца з яе бацькам, Стэльмахам Іванам Змітравічам-нябожчыкам… Такой дзяўчыны і жонкі пашукаць. Але…

«Ведае! — з незвычайнай яснасцю, якая бывае толькі ў п’яных, думаў Вінярскі. — Ведае і тое, што Міла хворая, і трэба аперацыя, і што грошы ў мяне…»

— Але Міла — гэта чыстае, нявіннае дзіцё. Вось ты, Вінярскі, спаў калі-небудзь з прастытуткаю?

— Я — спаў! — адазваўся Сымон.

Вінярскі прамаўчаў. Ён успомніў Жану.

— А я — ніколі, — сказаў Васіль. — Я здагадваюся, што гэта бруд, пошасць і пошласць, але мая дурная натура хоча і гэта паспрабаваць! З аднаго боку — чыстая, светлая Міла, як сама душа, з другога — якаясьці здаровая, цынічная, распусная…

— Дастаеўшчынка, — умяшаўся Сымон.

— Не ведаю, што гэта, але мяркуйце самі: калі такая дрэнь пасялілася і жыве ў мяне ў галаве, як я магу ажаніцца з Мілаю? I жыць потым, ірвацца некуды і невядома чаго хацець? Жаніцца я павінен чысты — у тым сэнсе, што ў мяне павінна быць чыстая душа; я павінен быць упэўнены, што ў бруд мяне больш не пацягне, я з уласнага вопыту ведаю, што па чым, і тады я змагу аддаць Міле ўсяго сябе, дарэшты… Пакуль жа мяне нешта мучае, я хачу знайсці прычыну і пазбавіцца ад яе.

— Фрэйдызм, — канстатаваў Сымон.

Ізноў выпілі, на гэты раз многа, амаль па поўнай шклянцы, ізноў пабег да стойкі Васіль…

Вінярскі нечакана для сябе раптам заспяваў:

— Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт…

Стары адразу ж падцягнуў:

— Як граў раз на дудцы нябожчык Вінцэнт…

«Гэта проста нейкі гімн іхні… Ах, што за цікавыя людзі! Як добра, лёгка з імі!..»

Калі Васіль вярнуўся са звычайным сваім наборам, Вінярскага ўжо зусім развезла — і ад таго, што вопыту такога, як у сваіх новых кампаньёнаў, не меў, і ад духаты — ён так і не здымаў куртку. Колькі яшчэ пілі і пра што гаварылі Васіль з Сымонам, ён не ведаў, бо проста заснуў. Апамятаўся ён на вуліцы, у прыцемках. Васіль, трымаючы яго пад пахі, саджаў у машыну.

— Дзе ты жывеш?

— У… Вяснянцы, — ледзь прагаварыў Вінярскі.

— Ну і добра… Па дарозе.

Даехалі хутка, выбраліся з таксі каля нейкага пад’езда. Васіль паспрабаваў завесці Вінярскага ў гэты пад’езд, Вінярскі заўпарціўся.

— Я ведаю, куды ты мяне вядзеш! — упіраўся ён. — Але ўсё роўна люблю цябе… Гадзіннік прапіў… Ты — будучы наш гонар! — казаў ён Сымонавымі словамі і чамусьці ніякіх іншых не мог падабраць. — Н-на!.. — дастаў і пачаў піхаць у рукі Васілю пакунак з далярамі, — і адпусці мяне…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win