Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Нічога: былі б грошы, а што з імі рабіць — прыдумаецца. Праз колькі.часу Васіль выйшаў на двор, дзе каля самага пад’езда быў таксафон, пазваніў у «Мутнае вока», папрасіў, каб паклікалі бармэна.

— Слухай, учора ў вас нічога не прападала?

— Здаецца, не. Пачакай, я спытаюся, — паклаў трубку, хутка вярнуўся. — Не, нічога. А што? Калі ты шукаеш свой гадзіннік, можаш не шукаць — яго ўжо ў нас няма. Яшчэ адзін вечар буду паіць цябе бясплатна.

— Ну і ўсё! — сказаў Васіль, націснуў на рычажок і набраў нумар рэдакцыі. — Як вы там? Шукалі мяне?

— Не, ніхто, — адказаў сябар.

— А якая зараз гадзіна?

— Дванаццаць хутка.

Васіль падняўся ў кватэру, сеў зноў на кухні, задумаўся. «Згубіўшы такія грошы, сапраўдны нармальны гаспадар іх апамятаўся б у шэсць-сем гадзін раніцы і да гэтага часу перавярнуў бы дагары нагамі паў-Мінска». Адно з двух: ці гэтыя даляры сапраўды, як ён і думаў нядаўна, баяцца шукаць, ці… Ці яму іх падкінулі.

I вельмі проста. Забілі чалавека, падчысцілі ўсё, што можна. Частку даляраў падкінулі яму, Васілю. Цяпер застаецца толькі патэлефанаваць у міліцыю, назваць яго адрас, прыедуць, закруцяць рукі — і даказвай, што ты быў учора на пахаванні, потым п’янстваваў на вачах дзесяткаў людзей…

Ён страсянуўся — ды што за глупства?! У яго жалезнае алібі! I потым: як яму маглі падкінуць, калі ён прынёс гэты пакунак у сваіх руках? Ён помніць, як нёс яго пад пахаю па прыступках…

Тым не менш ад усіх гэтых разваг даляры неяк згубілі для Васіля нядаўнюю прыцягальнасць. Ад іх раптоўна павеяла нейкім неспакоем, няўтульнасцю… Нячыстыя яны, і думаць няма чаго!

«Зробім так, — падумаў Васіль і сам у сябе спытаў: — Як?»

XI

Васіль сядзеў на кухні, курыў, піў гарбату і глядзеў у акно. На двары ўсчынаўся вецер, ляпаў адчыненай форткай, матаў яе туды-сюды, шумеў у лісці дзвюх таполяў, што раслі каля пад’езда, ганяў па двары і кружыў каля бака для смецця абрыўкі папер. Неба зноў зацягвалася хмарамі, цямнела. Як звычайна перад дажджом, хацелася спаць…

Раптам Васіль уздрыгнуў, схапіў, засунуў пад крысо пінжака пакунак з грашыма і стрымгалоў кінуўся з кватэры.

Калі ён выскачыў на двор, дзве дзяўчыны якраз перайшлі дарогу і параўняліся з яго пад’ездам.

— Жана! — паклікаў ён, і адна, чарнявая, з прыгожым вялікім ротам, павярнулася, заўсміхалася яму. — Пачакай… Можна на хвілінку?

Жана ахвотна падышла; сяброўка, зусім маладая, падобная на школьніцу, у лёгкай сукеначцы, з якой забаўляюся вецер, то задзіраючы яе, то абляпляючы вакол ног, спынілася пачакаць.

— Прывітанне. Што ты такі строгі?

Ён узяў яе за руку, адвёў да пад’езда, каб сяброўка не толькі не пачула, але каб і вуснаў іхніх не магла бачыць, ціха сказаў:

— Жана… Я даўно хачу… з табою.

— Ну, мала хто хоча са мною.

— Пачакай! — ён прытрымаў яе сілаю. — Глядзі, — хуценька дастаў грошы. — Усё забярэш.

— Што гэта? — прыжмурыла яна зеленаватыя вочы.

— Даляры.

— А колькі?

— Не ведаю.

Яна азірнулася на сяброўку, сказала:

— Заходзь, калі я буду адна. Толькі дачакайся, чуеш? Кватэру ведаеш? — і яна назвала кватэру.

Ён кіўнуў.

— Ну, пакуль, — яна пабегла да сяброўкі, што пакорліва чакала, прытрымліваючы на каленях сукенку, надзьмутую ззаду ветрам, як шар. Васіль яшчэ раз зірнуў ёй услед, каб запомніць гэтыя моцныя, доўгія ногі. Падумаў, здрыгануўшыся: «Усё правільна — вось тое, што варта любых багаццяў у свеце!»

— Хто гэта? — спытала сяброўка, калі яны адышліся.

— Так, журналіст адзін знаёмы.

— Журналіст? А што ён хацеў?

— Даляры прадае.

— Па колькі? — зацікавілася сяброўка.

— Я сама разбяруся… Слухай, я ўспомніла. Я не магу цяпер паехаць, пазней пад’еду.

Сяброўка з яшчэ большай цікавасцю зірнула на яе, але прамаўчала.

— Я толькі куртку забяру, — сказала яна.

Падняліся ў кватэру. Жана жыла ў маленькай аднапакаёўцы з маці, якая была цяпер на працы (яна працавала санітаркаю, толькі не ў той клініцы, дзе давялося адмучыцца Васілю). Жана вынесла скураную куртачку, сяброўка адразу ж апранула, сцепанула плячыма, саграваючыся. Папрасіла:

— Можна, я хуценька вып’ю кавы?

— Ну, ідзі на кухню.

Праз хвіліну забулькала кававарка, і хутка сяброўка, грэючы аб кубак далоні, з асалодаю цягнула духмяны напітак. Жана закурыла.

— А што ў цябе з Жэнькам Вінярскім?

— Так… Я яго не бачыла ўвесь апошні тыдзень.

— I не званіла?

— Не.

Жана хлусіла спакойна, як толькі жанчына можа хлусіць жанчыне. Калі ж напраўду, яна званіла Вінярскаму кожны дзень, раз нават уночы, але нехта падымаў трубку і адразу ж клаў назад. Жана думала, што гэта была Яўгенава маці, настаўніца, якая яшчэ са школы не любіла сваю гультаяватую, вострую на язык, распусную вучаніцу. З-за гэтага Жана не магла да Вінярскага заходзіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win