Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— А дзе… — прамовіў Вінярскі, паказваючы на кушэтку.

Сцяпанаў страсянуў галавою і перастаў глядзець так дзіўна.

— У рэанімацыі, наверсе, — адказаў ён.

— Ёсць надзея?

— Мала. Доўга ляжаў тут, позна знайшлі… Інфаркт!

— Нічога дзіўнага, з такой камплекцыяй, — адазваўся тэрапеўт, павярнуўшыся і выціраючы рукі аб кішэні халата.

Вінярскі прайшоў да акна — палавінкі былі прачынены, як ён і пакідаў. «Бачыў хто, ці не, што шпінгалеты зламаныя?! Сказаць зараз пра гэта? Ці зрабіць выгляд, што нічога не заўважаю і проста хачу прычыніць акно?..» Ён узяўся за ручку.

— Не трэба, — пачуўся ззаду голас Сцяпанава. — Хай праветрыцца.

— Я падымуся наверх, — сказаў тэрапеўт, — пазваню, калі што.

Сцяпанаў правёў яго да парога і ў парозе зноў пагаварыў з ім пра нешта; калі тэрапеўт пайшоў, павярнуўся да Вінярскага:

— А ты як тут сярод ночы?

— Выпадкова ехаў на таксі, з Жанаю… Убачыў з вуліцы, што святло гарыць… Жана, сяброўка, жыве ў Вяснянцы, можаце праверыць…

— Па мне — хоць у Серабранцы! — усміхнуўся Сцяпанаў. — Я проста гляджу — ты з чамаданчыкам.

— А, гэта так, браў з сабою, — Вінярскі асцярожна паклаў «дыпламат» на стол дзіркаю ўніз. — Але як тут Стэльмах апынуўся? Уночы… У яго ж адпачынак з учарашняга дня.

— Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.

— А як яго знайшлі?

— З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.

— Адтуль жа не відаць нашага акна.

Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.

Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:

— Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца… Ды і бачылі яго. Зайшоў — і няма, і няма.

— Ён… — Вінярскі сабраўся з духам, — нічога не казаў?

— Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць — доктара ў бальніцы!

— Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі — нічога яшчэ невядома!

Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:

— Я ў сябе буду, — і пайшоў.

Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо…

Вінярскаму ўявілася, як прыходзіць шчаслівы Іван Змітравіч, блізарукі, нават не заўважае, што з акном нешта не тое, становіцца на крэсла, корпаецца пад папкамі… Пуста! Яму робіцца блага. Ён злазіць ці мо нават падае з крэсла… Не, не падае! У тым і справа, што ён адразу здагадаўся, хто злодзей! I, не жадаючы «падстаўляць» яго, злодзея Вінярскага, зачыняе дзверцы, знаходзіць сілы злезці, адсунуць ад шафы крэсла і толькі тады валіцца на кушэтку… Калі б ён пакінуў расчыненымі дзверцы ды крэсла каля шафы — маглі б западозрыць, што яму стала кепска пасля таго, як ён нешта ўбачыў — там, у шафе… Ці павінен быў убачыць і не ўбачыў… Пачаліся б разборкі, і рана ці позна выйшлі б на Вінярскага…

Выходзіла, што стары доктар свядома, смерцю сваёй ратаваў Вінярскаму жыццё.

«Ды што за смерцю?! — жахнуўся раптам Вінярскі. — А калі выжыве?! А калі нават памрэ, перад тым, як памерці, тысячу разоў усё расказаць можа!»

Ён сяк-так паправіў шпінгалеты, закрыў акно — хоць у вочы не так кідаецца, схапіў невядома чаму «дыпламат» і пабег да Сцяпанава.

Калі ён зайшоў, Сцяпанаў клаў на апарат тэлефонную трубку. Вінярскі глянуў яму ў вочы і ўсё зразумеў.

— Трэба жонцы званіць… — ціха сказаў Сцяпанаў.

Вінярскі прысеў на крэсла каля парога. У вісках у яго тахкала: «Гэта я — забойца, я — забойца, я — забойца…»

VII

Дождж на пахаванні — заўсёды натуральна; прырода нібы сама смуткуе па нябожчыку, плача, шкадуе яго… Рэдкі дождж, нізкія цёмныя хмары, крыжы, помнікі, пах сырой могілкавай цвілі, высокія, мокрыя, строгія дрэвы, кроны якіх абляпілі чорныя вароны і зрэдку крычаць, у тон ціхаму галашэнню… Усё гэта так падыходзіць да настрою людзей, што сабраліся разам, кінуўшы ўсе справы, на самую важную ў жыцці, самую страшную цырымонію — назаўсёды закапаць у зямлю аднаго з іх.

Зрэшты, людзей на пахаванне Стэльмаха прыйшло нямнога. Дождж, нібы разумеючы, што гэта на развітанне, шчодра крапіў труну, белы, мёртвы твар чалавека ў труне, церусіўся на жоўты, гліністы жвір каля ямкі, і жвір проста на вачах меншаў, асядаў і нібы сам прасіўся, каб яго хутчэй вярнулі дамоў — ссунулі назад у яму. Стоячы вакол ямы, людзі пераміналіся, пацепвалі плячыма, крадком пазіралі на нізкае неба, на гадзіннікі, перашэптваліся.

— Якое дажджлівае лета…

— Труну, хоць труну трэба было ўзяць пад плёнку…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win