Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

I вось учора, калі мне выплацілі нечакана высокія адпускныя, прагрэсіўку, прэмію, калі я памяняў гэта на даляры і вечарам падлічыў усё, што ёсць, я ўбачыў — хопіць. Цяпер хопіць і на білеты, і на аперацыю, і на абслугу. Вось яны!..

Іван Змітравіч дастаў з-пад стала чорны пластмасавы «дыпламат», і, калі адчыняў замкі, яго вялікія далоні з валасатымі пальцамі дрыжэлі.

— Вось!.. Ён выцягнуў з «дыпламата» цэлафанавы пакет, у якім было нешта квадратнае, падобнае на дзве цагліны, узважыў у руцэ, потым паклаў назад, у «дыпламат», і пстрыкнуў замкамі.

— Спытаеш, чаму такія грошы я хаваю тут? — сказаў Іван Змітравіч. — А дзе ж?! Ты не паверыш, але праблема была не столькі збіраць, колькі недзе хаваць. З самых першых месяцаў у мяне ўзнікла манія падазронасці — пачало здавацца, што за мною сочаць. Я хаваў грошы ў кватэры, у прыбіральні, пад ваннай, у спальні, але па некалькі разоў на ноч прачынаўся і бег глядзець, ці на месцы яны. Спрабаваў вазіць чамаданчык з сабой на працу і назад, але ў тралейбусе мне здавалася, што на чамаданчык пачынаюць глядзець адразу некалькі падазроных чалавек. Даводзілася хітраваць, збіваць іх са следу, выходзіць, то пераязджаючы свой прыпынак, то недаязджаючы… Спрабаваў здаваць на вакзале ў камеру захоўвання, але ў тую ж ноч не вытрымаў — прыбег і забраў назад. Урэшце мне прыйшло ў галаву — кабінет! I ніхто не здагадаецца! Каму прыйдзе ў галаву шукаць грошы ў клініцы, якая да таго ж на ноч замыкаецца, дзе цэлую ноч сядзяць дзяжурныя ўрачы? Пакінуўшы тут грошы адзін раз, я нарэшце зразумеў, што знайшоў надзейную схову. Я ўпершыню тады спаў спакойна.

— Нашто мне ўсё гэта ведаць? — злосна спытаў раптам Вінярскі. Да гэтага ён моўчкі слухаў Стэльмаха і барабаніў па стале сваімі прыгожымі пальцамі.

— Каму ж, як не табе?! — здзіўлена ўсклікнуў Іван Змітравіч. — Няўжо ты мог падумаць?!.. Тым больш усё — больш хавацца няма патрэбы. Усё ўладкавана! Аднак я не буду спяшацца — з заўтрашняга дня адпачынак, часу хапае. Чакаў і болей. Я яшчэ раз усё пранюхаю, пераправеру — як стары біты сабака… Мы з жонкай падрыхтуем Мілачку, я куплю білеты…

Іван Змітравіч задумаўся і засмяяўся, потым падсунуў да шафы крэсла, стаў на яго, адчыніў верхнія створкі антрэсоляў і запіхнуў «дыпламат» пад стос старых папак. Паставіў крэсла на месца і па-змоўніцку падміргнуў Вінярскаму.

Дзверы зноў расчыніліся, на гэты раз без стуку, і ў кабінет заглянуў загадчык аддзялення Сцяпанаў.

— Ну што? — сказаў ён і пастукаў пальцам па гадзінніку.

Стэльмах хутка сабраў гісторыі хворых, Вінярскі — рэнтгенаўскія здымкі, і дактары пайшлі на абход.

III

А шостай гадзіне вечара Вінярскі, апрануўшы свой доўгі белы плашч, з парасонам пад пахай, праз галоўны корпус — так было бліжэй да прыпынку — выйшаў на вуліцу. Дождж перастаў, хмара сплывала за Мінск. Адна палавіна вуліцы, у тым баку, адкуль павінен пад’ехаць тралейбус, была асветленая нясмелым пакуль сонцам — так бывае позняй восенню, калі сонца то зырка блісне, то зусім схаваецца; але паступова паласа шырэла, святлела, набягала сюды, на прыпынак. Вось сонечны промень зіхнуў, адбіўся ад пярэдняга шкла тралейбуса, які выплыў з-за павароту… Вось тралейбус спыніўся, густа плюхнуўшы вадой з калюжыны на ногі тым, хто тоўпіўся блізка, вось натоўп паваліў у яго, аж затрашчалі дзверы, а сонечная паласа пабегла і пабегла сабе далей, заліваючы святлом паўгорада.

Вінярскі пастаяў, паглядзеў на тралейбус, уявіў, як яму будуць наступаць на ногі, запэцкаюць плашч, будуць дыхаць у твар, будзе пахнуць спяцоўкамі і прэлымі парасонамі, — павярнуўся і пайшоў пехатою, як рабіў не раз. Ісці было далекавата, праз увесь праспект, ажно ў Вяснянку, затое цалейшыя былі нервы і дарогаю добра думалася. Вінярскі расшпіліў плашч, дастаў цёмныя акуляры — мокры тратуар блішчэў пад сонцам, і пайшоў няспешна, трымаючыся далей ад краю тратуара.

На мосце праз Свіслач ён закурыў, перагнуўся, стараючыся не запэцкацца аб мокрыя чыгунныя парэнчы, папляваў уніз, цэлячы слінаю ў качку, якая плавала і нырала блізка каля моста. Пакуль стаяў, яго прамінулі двое п’яных; ішлі, хістаючыся, трымаючы пад рукі адзін аднога — і пранеслі за сабою свой адмысловы пах… Вінярскаму зрабілася гідка, ён павярнуўся, каб зірнуць ім услед, і ўбачыў, што і п’яныя спыніліся і глядзяць на яго. Ён абышоў іх — і зноў той жа пах…

Вінярскі не любіў людзей. I гэтых п’яных, і тых, каго ён цяпер абганяў, і тых, што яго абганялі, і тых, што панабівалі сабою, як селядцы бочкі, аўтобусы і тралейбусы і ездзілі ў іх туды-сюды па праспектах і вуліцах… Ва ўсіх вачах, што на яго глядзелі, ён чытаў толькі прасцейшыя жывёльныя інстынкты: убіцца, уплішчыцца ў тралейбус, дабрацца да ларка, да таннага, разбаўленага піва, «на-бухацца», атупець яшчэ больш — гэта ў мужчын; у жанчын, растаўсцелых да сарака гадоў, як пацукі на кармавых дражджах, — дапасці да нейкай чаргі, адстаяць, пасварыцца, схапіць урэшце ў руку чаканую сінюю палку крухмальнай варанай каўбасы, ад аднога выгляду якой нармальнага чалавека павінна зблажыць… Згадаліся раптам свае пацыенты — з загноенымі дзіркамі на руках і нагах, з пакрыўленымі, няправільна зрослымі пасля пераломаў касцямі, з апухлымі, перакошанымі рожаю тварамі, з выродлівымі, як шары, фурункуламі… I ў гэтых у вачах — тое ж жывёльнае: выратуй, пазбаў ад болю, выпусці гной, накладзі швы, здымі рожу… Каб зноў мы маглі піць сваё піва і стаяць у чэргах па сінюю каўбасу…

Вінярскаму прыйшло ў галаву, што з яго можа атрымацца добры хірург. Ён ніколі не пашкадаваў ніводнага свайго пацыента, заўсёды адчуваў да іх толькі агіду, яны былі для яго менавіта пацыенты, а не жывыя людзі. А гэта добра, усе вялікія ці проста добрыя хірургі, якіх ён ведаў ці пра якіх чуў у інстытуце на лекцыях, былі жорсткія. «Там мне гэта прыдасца, — падумаў ён, — а тут — трэба больш практыкавацца, набіваць руку».

Павярнуў на праспект — любімае сваё месца — шырокі, прыгожы, абсаджаны каштанамі, з кветкамі ў клумбах паўз тратуар. Вінярскі любіў гэты праспект яшчэ і таму, што тут хоць зрэдку, дзе-небудзь каля «Планеты» ці «Юбілейкі», можна было пачуць чужую мову і ўбачыць сапраўдных, свабодных, шчаслівых і багатых людзей. Ён ішоў паволі, пазіраючы вакол і прыслухоўваючыся, і сапраўды — раптам каля газетнага кіёска пачуў англійскую мову. Мужчына ў белых шортах, у белай кашулі і ў белым гальштуку, у цёмных акулярах, паказваў на нешта ў кіёску сваёй сяброўцы — маладой жанчыне, таксама ў шортах, з фотаапаратам у руцэ, — і абое смяяліся. I вочы ў жанчыны чыстыя, бестурботныя, і смех у абаіх дзіцячы і бестурботны. Вінярскага нібы працяло токам ад гэтага смеху. Ажыло раптам у душы таксама нешта чыстае і светлае, і захацелася абняць гэтых людзей, узяць пад руку жанчыну, ісці разам з імі некуды і ні аб чым не думаць. Але хутка ён апамятаўся, прыгорбіўся і пайшоў хутка, ні на кога ўжо не гледзячы.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win