Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

I як бы тады ні сіліўся, ужо не прачнуцца маладым.

Урач сказаў, што гэта звычайны пасляінфарктавы шок. Ён можа цягнуцца ад некалькіх дзён да некалькіх гадоў. Гэты шок можа зацягнуцца ад таго, сказаў урач, што прыступ здарыўся нечакана, я не быў да яго падрыхтаваны: ніколі раней на сэрца не скардзіўся, увогуле рэдка хварэў, усе аналізы, кардыяграмы былі ў норме.

«Здарылася нечакана» — так, але яшчэ ўчора, у каторы раз пераглядаючы свае запіскі, стараючыся разабраць хоць нешта ў радках ці між радкоў, зрабіў раптам цэлае для сябе адкрыццё. Дзіўна, як не бачыў гэтага раней!

Адзін з першых запісаў — 22 гады: «У паліклініцы. Камісія. Мы шумна перагаворваемся, штурхаемся, рагочам. Жанчына-ўрач, здзіўлена: «Чаго яны?» Другая, спакойна: «Баяцца».

23 гады: «Лета, якога раней так чакаў. Чым далей ад дзяцінства, тым больш чалавек траціць нешта такое важнае, што не выказаць ніякімі словамі. Да нейкага перыяду (рознага ва ўсіх) чалавек чакае ад будучыні толькі светлага, ён нібы падымаецца; пасля гэтага перыяду чакае толькі горшага і апускаецца».

24: «Тэма: малады настаўнік утапіўся ў канцы мая. Лінейка. Дырэктар выступіў і сэнс выступлення звёў да таго, што не трэба купацца…»

I далей, і далей — і ўсё паліклінікі, бальніцы, смерці… І гэта малады чалавек, студэнт, жыве ў вялікім горадзе, вакол столькі дзяўчат…

25, 26, 27 гадоў — скончыў універсітэт, гуляў з дзяўчынаю, працаваў, пісаў, друкаваўся, — а запісы тыя ж — пра бальніцы і хворых… Акуратна, часта іншым колерам чарнілаў, прастаўлена дата над кожным запісам.

28, 29, 30 — ажаніўся, нарадзілася Алеся, атрымалі кватэру, выйшла першая кніжка, перайшоў на працу ў выдавецтва — і што ж? Пра ўсё гэта адным штрышком, як пра нешта другаснае. Затое цэлыя абзацы, старонкі ідуць пад апісанні пораў года:

«Скончылася зіма…»

«Заўтра — першы дзень восені…»

«Ідзе вясна ўжо, дзякуй Богу, — згінуў сьнег з сырой зямлі! (Якуб Колас)…»

Усе назвы месяцаў узяты ў рамкі. Новы год абводзіцца сінім, зялёным, а тады яшчэ і чырвоным чарнілам. Але пры такой пунктуальнасці — ані згадкі пра дні нараджэння.

31 год. Даты, дні, месяцы перастаюць прастаўляцца зусім, старонкі запоўнены мноствам нейкіх літаратурных планаў, з якіх ніводзін не быў рэалізаваны…

Урэшце пасля 32 гадоў запісы робяцца з перапынкамі ў месяц, год, і тычацца выключна літаратуры: тэмы, героі, дзе што друкавалася, дзе будзе друкавацца.

* * *

У 32 гады памёр мой бацька. Ад сэрца. Я зусім не помню яго, помню трохі пахаванне: зіма, страшная завіруха, труну вязуць коні, на санях, мы з братам сядзім у перадку і плачам, напужаныя свістам ветру і снегу і галашэннем людзей, што ідуць за санямі. Матка не шкадавала яго, расказвала, што «піў, біўся, баяўся смерці, аж пішчаў, усё цягаўся па паліклініках, але граматны быў, любіў пісаць у Маскву нейкія пісьмы, каб на аперацыю паклалі…»

Сапраўды, гэта магло адбіцца ў малой галаве: у 2–3 гады даведацца, што смерць страшная штука, ад якой можна пішчаць, што яна прыходзіць пасля 30 гадоў, што для таго, каб яе адцягнуць, трэба быць гатоваму хадзіць па паліклініках, бальніцах, пажадана быць «граматным», каб пры выпадку напісаць у Маскву наконт аперацыі… Сапраўды — цалкам можа быць, я чакаў і адначасова баяўся гэтай лічбы — 32 — як агню.

З патаемнай, падсвядомай радасцю рука абводзіла чырвоным ці зялёным чарнілам назву месяца: вось, дзякуй Богу, і снежань прайшоў — а я жыву, і быццам нічога, здаровы. А вось цэлы Новы год — а я жыву… Дзень нараджэння — гэта ўжо непрыемнасць, гэта бліжэй да 32-х, — лепш не заўважыць, прапусціць…

I каля самых 32-х, на «перавале» — спроба падмануць нешта ці Некага, нагрузіць сябе планамі: ну, не будзеш жа паміраць, не зрабіўшы яшчэ столькі ўсяго!..

Характэрны запіс, зроблены адразу ж пасля «перавалу» 32-х:

«Чалавекам у жыцці рухае толькі ірацыянальнае, інстынкт, «выпирающая сила жизни». Наколькі моцнае ў чалавеку гэтае ірацыянальнае, няўлоўнае, настолькі доўга, здарова, прадукцыйна ён і пражыве. Бо калі ёсць здароўе і душэўны спакой, тады праясняецца і ўсё іншае: навошта жыць, для чаго пісаць, і як паміраць, і нашто паміраць.

Не выясненне гэтых пытанняў дае душэўны спакой, а наадварот.

Таму што высвятленне пытанняў Жыцця і Смерці можа памагчы толькі тады, калі на пару гадзін застаешся ў адзіноце ў чатырох сценах. Але вакол — жыццё, і ў сутках — 24 гадзіны.

Можа, у кагосьці інакш, а ў мяне так. Я даражу сваім душэўным спакоем і баюся і не хачу, каб што б там ні было (у тым ліку і вера ў Бога, якая вымагае дзеянняў) парушала гэты спакой».

Карацей, «у здаровым целе здаровы дух». Так я амаль трыццаць гадоў пасля гэтага запісу і жыў, і, можа, правільна жыў… пакуль было здаровае цела.

* * *

Лекі, якія хоць раз памаглі, запамінаеш, любіш іх, стараешся ашчаджаць, беражэш на крайні выпадак. А што мне (ва ўсялякім разе я так палічыў) памагло? Загружванне ў крытычны момант сябе працаю. А праца мая — заняткі літаратураю, выдумванне мастацкіх твораў. Літаратура памагла мне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win