Санэты
вернуться

Шэкспір Уільям

Шрифт:

Нашто для вечнасці старацца стану,

Калі яна не йдзе далей руін?

Не бачым мы, як падхалімаў зграя

У панскі кут паўзе на жываце?

І хлеб здаровы на прысмак мяняе,

Як быццам шчасце з гаркаты расце?

О, не! Дазволь твайму аддацца сэрцу,

Прымі мой бедны, але вольны дар,

Які не быў у рабскай паняверцы,

І стань яму, як я табе, ўладар.

Прэч стукачоў! Для чыстага сумлення

Не страшны ні паклёпы, ні ганенні.

126

Мой любы хлопчык! Ты адзін-адзіны

Кіруеш часам, лічыш нам хвіліны.

Пакуль расцеш і прыгажэеш, вяне

Тваіх прыхільнікаў замілаванне.

Калі табе ўладарніца-прырода

Не хоча даць у час наступны ходу,

Дык для таго, каб хітрасцю такою

Спыніць яго уладу над табою.

Высцерагайся ты яе усё ж ткі,

Пашкадаваўшы, пакарае жорстка:

Аддасць цябе, як толькі прыйдзе рата,

Яна без жаднай літасці ў адплату.

127

Красунямі не зваў ніхто чарнявых,

Хоць сапраўды яны красуні ёсць.

Каму і хто даваў на свеце права,

Каб занядбаць такую прыгажосць?

Ад тых часін, калі красу прыроды

Нам падмяняюць фальшам штучных фарб, -

Як безназоўная, жыве урода,

Як занядбаны і забыты скарб.

Дык вось чаму і зрок маёй каханай

Пад колер гругановага крыла,

Нібы жалобаю па тых убраны,

Над кім падробка ўладу узяла.

Любоў мая ў жалобе так прыгожа,

Што не адна захоча быць такой жа.

128

Калі ты, музыка душы маёй,

Абудзіш струны музыкай дзівоснай

І ўсе лады пакорна пад рукой

Пачнуць схіляцца, — як жа мне зайздросна!

Зайздрошчу я і струнам і ладам,

Што ў пераборы ходзяць, як у танцы.

І ад спакусы чырванею сам,

Калі яны твае цалуюць пальцы.

Каб гэта доля дасталася мне —

Адчуць рукі пяшчотнай ласкатанне,

Калі яна струну узварухне

З пачуццем ласкі, шчырага кахання!

Калі ім так пашэнціла — няхай!

Аддай ім рукі, вусны — мне аддай!

129

Распуста не прыносіць духу гонар.

Пакуль не задаволена яна, -

Парушыць клятву, пазнаёміць з горам,

Абразіць, схлусіць, высмакча да дна.

Сваё спагоніць — як яе адверне.

Ізноў мы гонімся, калі міне.

Апошні розум страціць, хто хоць зерне

Спакуслівай прынады той глыне.

Як утрапёная да мэты мкнецца

І мэтай служыць для людзей сама.

У пошуках прываблівай здаецца,

У адшуканай — радасці няма.

Ніхто ж не адмаўляецца ад раю,

Цераз які у пекла ён трапляе!

130

Да зорах не падобны любай вочы,

Каралі — шмат за вусны чырваней,

Не златакосая — пад колер ночы,

А снег — бялей смугі яе грудзей.

Не параўнаць яе да руж дамаскіх, -

Бяднейшы колер твару, на руках,

І больш прыемны водар маюць краскі,

Чым ад яе духмяных вуснаў пах.

Люблю я вельмі слухаць голас мілай,

Ды ўцехі больш мне музыка нясе.

Не знаю, як багіня дзе хадзіла,

Яна ж звычайна ходзіць, як усе.

І ўсё ж, клянуся, над яе на свеце

Не адшукаеце нідзе кабецін!

131

Ты, як красуні ў нашым свеце ўсе,

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win