Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Залатая пара, аксамітны сезон, курортнікаў з дзецьмі няма, людзей мала, адпаведна, падаюць і кошты, што для эканомнага Валодзіна было ўга як немалаважна.

Ён выбіраў заходні бераг — стэпавы Крым, яшчэ і таму, што тут увогуле пакуль не надта асвойталіся, не зусім нагадзілі ў параўнанні з славутым паўднёвым Крымам.

Яму хацелася проста купацца, піць віно і есці вінаград, гуляць у адзіноце, знаходзячы ў тым пэўную асалоду і ўжо дакладна — душэўны спакой, баючыся ўсяго, што магло б яго парушыць.

Валодзіну было далёка за сорак. Калі дакладна — пяцьдзясят. І яму прыемна было без мэты хадзіць і думаць, які ён за свае паўвека набыў вопыт, як спазнаў жыццё, людзей — ну, не так, каб глыбока, па-філасофску, але дастаткова, каб арыентавацца ў гэтым свеце без компаса.

Потым зімою, у Мінску, ён успамінаў свой утульны пасёлачак, мора, стэп, вецер, сонца, адзіноту… І так цудоўна, спакойна рабілася на душы — як заўсёды бывае, калі памяць падманвае цябе, прымушаючы забыцца на мінулыя непрыемнасці, а ты ў сваю чаргу падманваеш яе, паддаешся, ахвотна забываючы ўсё, што яна хоча.

Валодзін запомніў сваю мінулагоднюю радасць і хацеў усё адзін да аднаго паўтарыць, нават механічна скапіраваць. Вось ён сядзе ў цягнік — ах! — гэтыя вакзальныя аб’явы: Мінск — Сімферопаль, Гродна — Анапа!.. І будзе дарога, знаёмая, доўгая, двое сутак, з рэдкімі кароткімі прыпынкамі, з гандлярамі на перонах — чамусьці ў вочы кідаюцца адны вараныя ракі, чырвоныя, вялікія, як лангусты… Джанкой, Сімферопаль — і крымскі пах пачынае казытаць ноздры і кружыць галаву… Вось маршрутка, і вінаграднікі, і арэхавыя дрэвы паўз дарогу, а за імі, дзе толькі больш-менш чыстае поле, сімвал новага Крыма — татарскія будкі самазахопаў. Але ўсё скончыцца, і пад’едзе маршрутка да пасялковай аўтастанцыі, выйдзе ён і няспешна пакрочыць знаёмай вуліцай, дзе ведае кожную выбоіну — дарогі і тратуары тут зусім не рамантуюцца. Дом, клумба каля дома. Радасць гаспадароў пры з’яўленні яго. Катэджык, пакой — той самы, нават, здаецца, тыя самыя — леташнія — скурчаныя ліпучкі ад мух звешваюцца са столі. І гэты нязвыклы беларускаму вуху гук, увесь час — шух, шух… Мора! Нябачнае, але такое блізкае!

Як марыў, так і адбылося.

Заехаў добра, гаспадары радасна сустрэлі яго, як сваяка, ключ далі, і пакойчык з ім павітаўся — той самы, на аднаго разлічаны, і тэраса, і клумба сказалі толькі яму аднаму чутныя, зразумелыя словы, і сабачка Лёва — ані не падрослы за год — пазнаў яго, перакуліўся на спіну і памахаў усімі чатырма лапамі.

Пакуль Валодзін распакоўваў сумку і пераапранаўся, зайшла гаспадыня, хоць і сама маладжавая, але, як санітаркі ў бальніцы, не надта адварочвалася.

Давялося выслухаць Валодзіну, што ўночы быў шторм, той самы, які бывае ў пачатку кожнай восені і называецца — бар†а, прыходзіць сюды з бухтаў Новарасійска, крышыць усё на шляху: ламае дрэвы, размывае пляжы, зрывае з якараў караблі і не супакоіцца, пакуль не набярэ сабе ахвяраў; вось і ўчора з высокай прыбярэжнай скалы змыла маладзенькую дзяўчыну, якая здымала стыхію на мабільны тэлефон і не ўтрымалася, паехала, слізгаючы па высокім адхоне, у марскую прорву…

Валодзін не надта слухаў. Ён хутчэй нацягнуў шорты, усунуў ногі ў лёгкія сланцы, схапіў ручнік і пашыбаваў да мора. На моры заціхаў шторм. Падманліва-жалобна плакалі чайкі і альбатросы. Падмыты высокі бераг быў у зігзагах трэшчын. На яго ўсё яшчэ цэліліся, стараліся накінуцца брудныя хвалі з доўгімі палосамі водарасцяў і жоўтай пенай, але ўжо не даставалі, пакідаючы паміж вадой і берагам метраў дзесяць мокрага пляжа.

Тым не менш людзі былі, хто ў адзенні, хто распрануты, сядзелі, хадзілі, шукаючы каменьчыкі, па пляжы. Некалькі разявак пазіралі, і пальцамі і мабільнікамі паказвалі на злашчасную скалу.

Валодзін, на хаду распранаючыся, увайшоў у хвалі, абмёр ад холаду і нечаканасці, абвык, пабоўтаўся, паныраў, хутка аглух ад шуму, наглытаўся гаркава-салёнай вады, пабіў ногі аб камяні, якія перакочвалі хвалі ля берага… Калі, як паранены — рукі матляліся, у вушах звінела, выбрыў на бераг, нейкая дзяўчына папрасіла яго, каб памог умацаваць парасон. І гэта ў такую пагоду, без аніякага сонца! Дзяўчына па ўзросце падыходзіла яму ў дочкі. Па-руску гаварыла яна так, як усе без выключэння беларусы гавораць (а потым здзіўляюцца, чаму іх выкрываюць па адным-двух словах за межамі Беларусі), з тым ледзь улоўным «дэфектам», які не выправіць ніякі лагапед мінумум яшчэ гадоў пяцьдзясят.

— Ну што, зямлячка, закруцім курортны раман? — спытаў Валодзін. Атрымалася не столькі фрывольна, колькі непрыгожа — стары «клеіць» маладую. Але не ён жа першы навязаўся, папрасілі яго, таму ён знарок яшчэ і паўтарыў, укручваючы ў цвёрды, утрамбаваны штормам пляж тоўстую на канцы ножку парасона: — Дык што, зямлячка, будзе ў нас раман?

— А як вы… здагадаліся? — яна крыху спалохана памацала свой кірпаты бульбашскі рабенькі носік, і на пальцы бліснуў заручальны пярсцёнак.

— Ой, — ветліва сказаў Валодзін, усё яшчэ змагаючыся з ветрам і з парасонам, — прашу прабачэння. А як здагадаўся? — у мяне цэлая тэорыя, як землякоў пазнаць, раскажу абавязкова, пляж маленькі, будзем бачыцца…

Дзяўчына была зусім не загарэлая, таму ён падумаў, што яна таксама нядаўна прыехала. Парасон быў умацаваны. На развітанне пазнаёміліся: звалі яе Алеся.

— Такая маладая, а ўжо Алеся, — пажартаваў Валодзін і пайшоў сабе, задаволены знаёмствам, і сваім жарцікам, і самім сабою.

Але зноў вочы яго ўбачылі скалу… Якое ўсё ж, падумаўшы, кашчунства, вось так проста жыць, жартаваць, калі дзесьці ў моры шторм усё яшчэ носіць няшчаснае цела… Валодзін, чалавек кніжны — ён працаваў у аддзеле рэдкай кнігі Музея старадаўніны — успомніў, як чытаў нядаўна: ідзе грамадзянская вайна, адпачываюць людзі на беразе Дняпра, выпіваюць, закусваюць, побач ля берага ціха пагойдваецца ў вадзе, сярод гнілой травы, раздзьмуты труп, і калі набягае хваля, варушыцца вялы белы бурак яго, і жанчыны тады рэзка, з рогатам паказваюць на яго…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win