Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Ведаеш, Алеся, калі б ты не была замужняя…

— Замужняя? — перапытала яна. — Вось цана гэтаму замуству, — сцягнула з пальца пярсцёнак і кінула ў ваду з пірса. Валодзін ахнуў, інстынктыўна памкнуўся ўслед, каб падхапіць, і ледзь не зваліўся. Яна, смеючыся, падтрымала яго.

— Кідаюць манеткі, каб вярнуцца, вось і я нешта кінула. Няма ў мяне ніякага мужа. І не было ніколі…

Дык вось што яна насіла ў сабе ўвесь час, вось у чым парывалася прызнацца яму цэлы вечар! Зрэшты, уся яе гісторыя ўклалася ў некалькі сказаў. Яшчэ ў школе пакахала жанатага, зацяжарыла ад яго. Ён не развёўся, яна нарадзіла Лізку. Можаш уявіць, Валодзін, як жыць у адным мястэчку, хадзіць па адных вуліцах, працаваць у магазіне — заўсёды на чужых вачах, ледзь не штодня бачыць яго, жонку яго… І вырвацца нікуды і ніяк.

Яна расказвала проста, даверліва, як вельмі блізкаму чалавеку. Валодзін разгублена памаўчаў, потым спытаў:

— Пярсцёнак чаго купляла?

— Сама не ведаю… Каб менш чапляліся. Ну, што, хадзем, за малую баюся… Правядзеш мяне? — узяла яго пад руку.

І пакуль яны ішлі, усё імгненна прадумаў і зразумеў Валодзін.

— Слухай, Алеся… Табе трэба ратавацца — гэта ясна! Слухай: вось калі б — ну так, проста дапусцім — калі б знайшоўся чалавек, старэйшы за цябе, у Мінску… Не я, іншы! І прапанаваў табе… Забраў цябе з дачкою ў Мінск. Ён бы атрымаў маладую прыгожую добрую жонку, пэўны аўтарытэт, сямейную ўтульнасць, яна — у сэнсе ты — сталічную рэгістрацыю і выграбанне з пекла… Але галоўнае, у кожнага ў любы час поўная воля разбегчыся! Як бы кантракт.

Ніхто ні з кім нічым не звязаны. Само сабой, той чалавек не пара табе, стары, буркатлівы, са сваімі звычкамі… Праўда, не злы. Калі б такі чалавек знайшоўся — пайшла б?

Яна нічога не адказала, толькі мацней сціснула яму пальцы. І Валодзін зразумеў: не проста пайшла — пабегла б.

На доўгай вуліцы толькі на двух слупах гарэлі ліхтары, у пачатку і ў канцы, а пасярэдзіне было цёмна. Валодзін з Алесяю якраз праходзілі цёмны адрэзак.

«Ну, давай! — загадваў сабе Валодзін. — Збярыся! Скажы, што гэты чалавек перад табой, гэта я, яна чакае гэтага!..»

Але Валодзін збіраўся-збіраўся, разяўляў-разяўляў рот, набіраў-набіраў у грудзі паветра — ды так нічога і не сказаў. Хай мо заўтра, яшчэ ж будзе заўтра…

Выйшлі да святла, да Алесінага дома. Развіталіся.

— Прыйдзеш нас правесці? — спытала яна звычайным голасам, у якім не было ні расчаравання, ні крыўды.

— Пытаеш — канечне!..

Нездарма так парыла. Сярэдначы пачаўся лівень і пляжыў да раніцы, з громам, з белымі маланкамі — іх відаць было нават праз заплюшчаныя вочы. Валодзін не спаў і чуў, як зусім блізка стогне, рвецца, бухае мора, як гуляе па двары вецер і трашчыць пад акном старое арэхавае дрэва. Страшнавата было яму, кантынентальнаму чалавеку, у чаканні, што вось-вось вецер падыме і панясе гэты катэджык разам з табою ў белы свет…

Раніца сустрэла яго пахмурнай, ветранай няўтульнасцю. На двары стаялі калюжыны, клумбы з кветкамі былі здратаваныя з мокрай зямлёй. Адламалася і ляжала на зямлі вялікая галіна арэха з няспелымі пладамі.

Валодзін прыйшоў акурат да маршруткі, а на прыпынку яму сказалі, што дама з малой паехалі таксоўкай! Ён і не падумаў, што маршруткай на цягнік не паспяваеш. Спачатку таксама быў кінуўся да прыватнікаў-таксістаў… Потым (трус, трус беларус) махнуў рукой і марудна пайшоў да мора.

Як прыкра атрымалася! І разам з тым у душы была невялічкая палёгка, бо за ноч ён так і не вырашыў, што скажа.

На пляжы пасля начнога шторму ўсё было амаль як у першы дзень яго прыезду. Нізкія хмары, крыкі чаек, халоднае агрэсіўнае мора, шумны накат хваляў з жоўтай пенай… Падышоў малады армянін, з дакорам зірнуў на Валодзіна, прамовіў ледзь не са слязьмі ў голасе:

— Абыдно! — і зразумела было, што ён хацеў гэтым сказаць — так чакаў цёплага мора, сонца, так пра гэта марыў, дабіраўся — і вось табе маеш.

Крыўдна было і Валодзіну, толькі з іншай прычыны. І хто яго ўчора цягнуў за язык? Навошта даў чалавеку надзею? Вось ужо сапраўды, чым старэй, тым дурней…

Так — старэй! Так — мала жыцця засталося, і чым бліжэй да канца, тым больш бесталковае яно; дык ці варта так ужо за яго чапляцца, любой цаной падаўжаць яшчэ на якіх пару паршывых гадоў? Гэта ж так проста: ахвяруй хоць астаткамі яго для кагосьці, пасунься, падзяліся — табе ж самому лепш стане, сэнс ва ўсім з’явіцца, вечную шклянку вады будзе каму падаць і паміраць не так страшна будзе.

Мо і праўда? Паехаць у тое мястэчка… Зрабіць добрую справу… Памагчы чалавеку, нават двум… Для цябе гэта ніякая не ахвяра, ці вельмі малая ахвяра, а для Алесі з малой — шчасце, ратунак. Што ён губляе? Сваю гэтак званую свабоду?

Не факт, што пагодзіцца, — чапляўся Валодзін за саломіну, але не ратавала яна. Яшчэ і як пагодзіцца. Не для сябе, дык дзеля малой.

Праз дзесяць гадоў яму стукне шэсцьдзясят, ёй трыццаць. Вясёленькая ж будзе ў іх сямейка! Дык добра, калі дзесяць гадоў — ого! — а хутчэй за ўсё месяцаў дзесяць… І потым — каму ён што павінен? Мала яго жыццё вучыла? Мала ён аддаў здароўя і сілы, каб набыць спакой і душэўную раўнавагу — самыя большыя ў свеце каштоўнасці?

Ну, не! Жывіце, дарагія, як знаеце, без мяне, я са сваёй шкарлупкі ў ваш свет не вылезу, надта добра ён мне знаёмы!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win