Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

ІІ

Паром з разгону тыцнуўся тупым носам у пясчаны пляж. Мужчыны перакінулі на бераг дашчаты насціл. Бабуля, ні на кога не зірнуўшы, сышла па ім са сваёй кароваю і пасунулася ў прырэчныя зараснікі, трушчачы ботамі сцябліны балегалову. Выгрузіўся народ, з’ехалі машыны.

Нідзе не было ні пазнакі дарогі. Шырокая, доўгая затока з вербамі адыходзіла ад Прыпяці. За ёй у тумане на пагорку і быў Дзікі Луг. Людзі са сваімі клункамі, граблямі, косамі і віламі на плячах, у сутонні падобныя на паўстанцаў Каліноўскага, цугам пагрэбліся на пагорак, стараючыся ступаць след у след, каб лішне не таптаць траву. Пакуль дабраліся, пярэднія былі мокрыя з галавы да пят, а хітраму начальству, якое замыкала калону, — хоць бы што, толькі боты ад расы блішчэлі.

Адсюль пачыналіся ўчасткі. Уся прасторная абалонь ляжала перад вачыма. Клін нечапанай, белай ад мокрага павуціння травы шырэў на пагорку, звужаўся да затокі і ўпіраўся ў бераг. Злева, унізе, яго мяжу абазначала Прыпяць, а справа, на ўзвышку — няроўная сцяна кустоўя. Хмызняк то залазіў на травяное поле, то адступаў, утвараючы прагалы. А далей, за пагоркам і вакол распасціраліся суцэльныя палескія джунглі, непралазныя зараснікі, пышныя шаты лазняку і алешніку, крушын і вольхаў, шывельгі і вербалозу, і сярод усяго гэтага бяскрайняга зялёнага прастору рэдка вырэзваліся клінкі чыстай травы, ды яшчэ ўзвышаліся, як маякі, то там, то сям адзіночныя дубы з буслянкамі ў ралах.

Гэта было поўнае ўладарства дзікай прыроды, аддадзенай самой сабе, панаванне амаль не кранутай чалавекам першабытнасці, чароўнае запусценне, глушэча, непралазная нізінная дзіч. Толькі рака звязвала з цывілізацыяй, і адзіны спосаб сувязі, калі, не дай Бог, што здарыцца — было крычаць, гукаць цераз раку, каб прыслалі з таго берага паром ці лодку.

Даўно, гадоў дзесяць назад, людзей прывезлі сюды ўпершыню, кожнаму адмералі надзел, абазначылі ўбітымі ў зямлю калочкамі, на зачэсаным месцы хімічным алоўкам упісалі прозвішча касца. Калочкі даўно пусцілі корні, сталі добрымі вербалозінамі. Ужо не трэба было кожны год перамяраць па-новаму. Кожны ведаў свой куст і свой надзел да апошняй купінкі, як уласныя паплоўчыкі дома ў агародзе.

Пакуль людзі звыкла разбрыдаліся і разбіраліся, складвалі клункі, бабы ладзілі шалашыкі з посцілак, мужчыны пастуквалі малаткамі — асаджвалі косы, а каторы спрытнейшы ўжо і мянтачыў, — тры начальнікі таксама не гублялі часу. Адзін паказаў пальцам направа, другі рукой махнуў налева, трэці прыставіў далонь да ілба, хоць сонца было збоку ад яго і яшчэ не свяціла ў вочы… І на тым місія іх скончылася. Завярнуліся і спаважна пайшлі пратаптанай сцежкаю ўніз да парома. Маслоўскі на хаду даў апошняе неабавязковае распараджэнне Кулінічу, якога яшчэ ў вёсцы прызначыў замест сябе: «Ну, глядзіце тут», — і заспяшаўся следам. Замарочны дзень у яго наперадзе: мітусня, бегатня, кантора, бухгалтэрыя… Аднаму дагадзі, з другім падхалімнічай, на трэцяга прыкрыкні, з чацвёртым цераз сілу выпі… А ўсё для людзей, каб грошай больш выцыганіць.

Яшчэ цяжкая ад расы трава калыхалася за імі, а мужчыны ўжо шахалі адладжанымі косамі. Трава па пояс, роўная, не пераспелая, дажджом і ветрам не здратаваная, косіцца лёгка; толькі чутно: жых! жых! Фізічная асалода чуць гэты гук — як падсякае танюткая сталь падатлівыя сцябліны, скідвае іх справа налева. Туман апаў на зямлю. Роснае павуцінне блішчыць на сонцы. Хоць сонца ўжо добра ўгравае, а паміж касцоў не ўбачыш голага цела: адзіная вольнасць — адкасаць у кашулі рукавы. Маленькія жабкі так і пстрыкаюць з-пад кос. З бліжэйшых дубоў зляцелі буслы і ходзяць кожны за сваім касцом, дзюбаюць недарэзкаў. Уперамешку з бусламі ззаду бабы з большымі дзецьмі растрэсаюць траву; меншыя не адыходзяць ад шалашыкаў — аказваецца, ім забаронена нават пазіраць у бок ракі, не тое, што да вады спускацца: Прыпяць такая непрадказальная, што, калі захоча, можа ўтапіць нават на сухім беразе. Вось табе і рыбалка, вось табе і чаканы Дзікі Луг! Хаця, калі шчыра, саміх туды не надта цягне, яны яшчэ на пароме ўбачылі, што гэта сапраўды небяспечная, глыбокая, шырокая, вялікая рака, асабліва тут, перад упадзеннем у Дняпро. Так што цяпер толькі і забаўкі, калі хто з касцоў захоча папіць і яму паднясеш, або знарок, па дабрыні душэўнай, папросіць прыкурыць папяросіну, — прыкурваеш, маці бачыць, а нічога не кажа.

Мужчыны косяць зверху ўніз. Пакосы доўгія, канчаюцца ля самай затокі. Пад вербамі, схаваўшыся ў цень, стаяць машыны. Вербы тут такія старыя і тоўстыя, што ў абхваце не саступяць дубам. У трэшчынах іх шурпатай кары лёгка хаваецца далонь. Самі дрэвы стаяць на беразе, а карані пераблытанымі вяроўкамі круцяцца па зямлі і залазяць у ваду. Вада каля гэтага берага глыбокая, цёмная, халодная, калі апусціць руку, і чыстая — ні травінкі, нават раскі няма. Затое процілеглы бераг — адкаты, нізкі, раскашуе расліннасцю. Ён увесь зарос сітніком, аерам, рагозам, а бліжэй да сярэдзіны — трохліснікам, і там на вадзе песцяцца жоўтыя гарлачыкі і незвычайнай белаты буйныя лілеі. І канечне ж, скрозь — і на беразе, і ў вадзе — знаёмы чарот са сваімі карычневымі і чорнымі катахамі; з яго сцяблін атрымліваюцца неблагія шпагі, на якіх можна біцца, пакуль ліпкі пух не пачне лезці ў вочы і ў рот, казытаць у носе; а яшчэ іх можна, каб паддобрыцца да маці, зрэзаць тры-пяць штук і паставіць у слоік на стале — прыгожа…

Там, каля таго берага, поўна рыбы. І ўздрыгвае ў касца сярэдзіна, калі даносіцца адтуль салодкі плёхат… Але ведаюць з горкага вопыту — нялёгка здабыць прыпяцкую рыбку, з-за чаратоў не кінеш ні вудку, ні донку, не ўлезеш з таптухай ці «кабылаю», якія прыдатныя толькі для балацянак, копанак, стаўкоў глыбінёй жабе па калена, а тут трэба адмысловыя снасці, якіх яны нават назваў не ведаюць, толькі бачылі, як мясцовыя ловяць…

Застаецца толькі з зайздрасцю на той чаратовы рай пазіраць.

Дакошваючы да затокі, мужчыны боўтаюць з берага косамі ў вадзе. А хто спускаецца да Прыпяці, на пляж, куды прычальваў раніцай паром. Па свежых і высахлых зеленаватых палосках ціны, як па гадавых кольцах, можна вызначыць, якой велічыні бываюць хвалі ў непагадзь, ці калі расплюхае іх буксір з цяжкай баржай або пасажырская «Ракета» на сваіх крылах. Тут сярод рознага нанесенага вадой друзу трапляюцца ракавіны — чорныя, цяжкія, а ўсярэдзіне, калі створкі такой расчапіць ножыкам, — з перламутравым адлівам і з вострым пахам свежай рыбы. Касцы мочаць у вадзе мянташку, шлэпаюць ёю па белым дробным пясочку, каб набіўся ў пазы, — і лепш за любы брусок.

ІІІ

— Давай, давай, давай! — падганяе Кулініч, калі бачыць, што хто прыстаў, ці спыніўся выцерці пот, ці каса не так ходзіць у руках, або занадта марудна падымацца на пагорак.

— Ніжай! ніжай! ніжай! — пакрыквае ён, калі няма да чаго прычапіцца. У роце яго паблісквае залаты цыганскі зуб, даўно дакураная, патухлая беламорына прыліпла да губы.

Сам ён худы — скура, косці ды мускулы. Такіх звычайна ніякая ўтома не бярэ. Лясніцкая фуражка з зялёным аколышам зухавата ссунута набок, з-пад брыля вылазіць чорны чуб з белымі павуцінкамі сівізны. З халявы звешваецца раменьчык мянташкі. Яму ўжо за сорак, але ён толькі нядаўна, у мінулым годзе, ажаніўся; узяў не са сваёй вёскі, а ажно з Махнавіч — таксама, праўда, не маладую, затое якую ўдалую! У свае трыццаць яна выглядае як дзяўчынка-падлетак. Такая вясёлая, спрытная, са зграбнай постаццю і з мілым наівам у твары. Ёсць у іх ужо маленькі сынок. І ён з імі тут, на лузе, спіць у шалашы пад полагам з марлі. Рахманы, хоць бы піскнуў. Махновачка час ад часу ўтыркае граблі ў мяккую зямлю і бяжыць глядзець, выдзьмухвае з шалаша камароў, якія шыюцца ў цень ад сонца. Яна сама ўся як сонца. Усё ёй у навіну — і яе роля замужняй кабеты, і маладой маці, і клапатлівай гаспадыні… Яна ніколі не ведала самастойнасці, век пражыла ў адной хаце разам з бацькамі, і цяпер прагна, з жарам аддаецца гэтым новым абставінам свайго жыцця, якое, аказваецца, можа быць такім поўным, аграмадным!.. Шчаслівая! І як ні стараецца прытушыць бляск у вачах, а ўсё роўна зыходзіць ад яе ззянне, аж наўкол разліваецца: толькі гляньце, людзі, якой я ўмею быць! — і хіба што зрэдку, як воблачка на сонца, набягае на твар вінаватасць — за тое, што ёй пашанцавала, і нават лёгкі спалох: а возьме ды здарыцца нешта, і знікне так раптоўна зваленае на яе шчасце?..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win