Ланцуг
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Так будзеш рабіць з кожным!

Праз гадзіну сышліся, у аднаго і ў другога амаль поўныя кошыкі. У вочы адзін аднаму не пазіраем.

— Многа рачавіў?

— Шэсць, — схлусіў я.

— Малайчына. Я таксама дзесяць, — схлусіў у адказ брат.

Бунту канец. Санлівасць даўно прайшла. Расхадзіліся, акрыялі, падабрэлі. Ужо можна прыкмячаць сёе-тое і акрамя грыбоў: вусеня, падсвіслага на павуціне, экзатычнасць высокага папаратніку, пах альховага ліста, калі яго расцерці ў пальцах, падзалочаныя ствалы хвой і доўгія, роўныя цені ад іх… Напаўняецца кошык. Хутка дадому, а там — смачны сняданак, а там — цалюткі дзень наперадзе… Малінаў паесці, на рыбалку схадзіць, пакупацца, зямлянку каля возера падкапаць… Самапал, ці, па-нашаму, падпаленку зрабіць… Паглядзець на каляндар і ўспомніць, што хутка лету канец, а разам з ім і грыбам, — падымацца рана не трэба будзе, школа пачнецца, сябры, кнігі, тэлевізар… Якое ж, падумаўшы, багатае і цудоўнае жыццё!

Так, заняты справамі, зямлянкамі і самапаламі, набегаешся за дзень, а ў восем-дзевяць вечара ўжо дрыхнеш без задніх ног. Малому і пераносілася лягчэй.

А вось падлетку!.. Калі дзеўкі з горада да бабуляў на канікулы прыехалі, калі ўсё дзённае жыццё ператвараецца ў адно толькі чаканне ночы, калі:

Травы пахнуць кветкамі, кветкі пахнуць зорамі, зоры над палеткамі — лесам і азёрамі… (П. Броўка)

Самае неразгаданае, самае страшнае і самае лепшае, што было, ёсць і будзе на свеце — гэта калі табе 13–14 гадоў, ты ідзеш летняй, душна-духмянай ноччу па вёсцы і ў канцы вуліцы раптам чуеш галасы і малады дзявочы смех… Які пасля гэтага будзе сон? Да якіх грыбоў табе раніцаю? Шукаеш іх машынальна… А дотык яе калена да твайго быў, ці толькі здалося? І калі быў — дык выпадкова? Як гэта яна сказала?.. Шэсць, усяго шэсць раніцы! А дзесяць вечара будзе праз, праз… Трэба не забыць: «Раз ты ўчора сказала Валеру…» А Валер са Светаю, усё правільна… Наташа! Ты ж у пясочку з ёю гуляўся, гэта ж ты павінен быў першы разгледзець, зразумець, што… Ты — а не Сяргей!

І вось пасля трэцяй ці чацвёртай ночы такіх «жарсцяў», рана-раненька толькі дайшоў я да кладак — я-а-ак павяло ўбок, я-а-ак лінулася кроў з носу. Добра, што не ў лесе дзе. Задраў галаву, заціснуў пальцамі нос, вярнуўся, упаў у ложак… Роўна праз гадзіну ўскочыў, выспаны, з яснай галавою, здаровы, з пругкім адчуваннем цела. І зноў, канечне, у лес. І набраў тады ўдвая больш, чым звычайна. І нават вершык склаў:

Ціха і сумна. Дзень непагодны, Жнівеньскі дожджык рэдкі імжыць. Пахне грыбамі, цвіллю калоднай, Пень схлупянелы ў мосе ляжыць. Сеткі паўсюль павуціння абвіслі, Мокрыя, ліпнуць да курткі і рук, Дзесь у кары або ў скручаным лісціку Ад непагоды схаваўся павук. Трохі далей, з-пад кашлатае лапкі — Ах, які гожы выглядвае грыб!.. Смоўж светла-жоўты з аб’едзенай шапкі Ледзь скалупнуўся — так моцна прыліп.

А на душы і праўда было ціха і сумна. Бо зразумеў, што не хапае ўсяго толькі такой драбязы, як нейкіх 60 лішніх хвілінак!

— Яно так, — згадзілася маці. — Кажуць жа, твае грыбы ніхто не пабярэ. Калі ні пайдзі, табе дастануцца. Але ж печ прастыне, дух не той. А яны да заўтра паляжаць, дык што будуць за грыбы. Хіба, вы думаеце, мы, маткі, на зло вам вас будзім? Проста ранішнія грыбы інакшыя, чым дзённыя, і пахнуць інакш, і разабрацца з імі лягчэй…

VІІ

Браў, яшчэ і як браў грыб сваю даніну — нявыспанасцю, здароўем, вольным часам… Адсюль, мабыць, і гэтае дваякае да яго стаўленне: павага, шанаванне, замілаванне з аднаго боку і ледзь не пагарда — з другога… Падспуднае жаданне выбавіцца з-пад улады яго, адносіны да яго, як да неадухоўленага эксплуататара.

Кароценькі паказальны выпадак.

Вяртаюся я аднойчы з грыбоў. І прычапляецца да мяне гарадскі грыбовік. «Прадай хоць дзесятак, самых горшых, даю дваццаць капеек за грыб!» І дастае два рублі. І ўсё гэта вельмі сур’ёзна. А вакол глухі лес. У адной руцэ ў яго нож, у другой грошы, а на зямлі паміж ног пустое вядро. Я не столькі спалохаўся, колькі разгубіўся. Няўжо ён не разумее, што такое не прадаецца? Як не прадаецца ўсмешка, кропля расы, сонечны промень ці кавалачак туману… А галоўнае, навошта яны яму, гэтыя грыбы?! Чужыя, аднолькава бязлікія? Гэта для мяне яны жывыя — вунь той вялізны параслёвік, які ўжо нібыта сябар мне, бо калі я зразаў яго на любімай паляне, дык акурат у той момант думаў, з якім лікам сёння ўвечары згуляюць мінчане з кіяўлянамі… А гэты зграбненькі таўстун, узяты ў верасе пры самай дарозе — сведка маіх патаемных думак-мараў пра начную лаўку з Наташаю… І гэта іх, маіх сяброў, часцінкі сябе — трэба аддаць у абмен на дзве пакамечаныя жоўценькія паперкі?!

Я не разумеў дзядзьку, а ён — мяне. Так і разышліся. Лепш сказаць, я адзін пайшоў, адчуваючы спінаю, што ён стаіць і пазірае мне ўслед.

— Ну і дурны, — рэзюмавала, выслухаўшы, маці. — Куплялі, дык прадаў бы. Яны і сухія мо столькі не каштуюць, колькі ён даваў, дык яшчэ клопату з імі. А сабе б вярнуўся ды зноў набраў.

У школе нас вучылі адным прымаўкам; напрыклад:

«Такі смачненькі грыбок, так і просіцца ў раток», — а ў рэальным жыцці мы чулі іншыя:

«Чаму іх воўк не есьць, калі яны такія смачныя? Дык воўк мяса шукае!»

Тут ужо не проста непрыязнь, а нават нібыта нейкая затоеная помста ім, грыбам — магчыма, і за тое, што, цягаючы іх дзесяткамі кілаграмаў, самі ніколі іх удосталь не паспыталі. Усё на продаж, сабе толькі «горшанькія», чарвівенькія, «жоўценькія», у які суп ці ў боршч укінуць… Я да гэтага часу не ўяўляю, як можна, напрыклад, наварыць у капусным расоле вялікі чыгун адных белых, цалкам, і проста есці іх з хлебам? (Журналіст Алесь Гаўрон расказваў, што менавіта так робяць у іх на Магілёшчыне, а той грыбны адвар — найлепшы сродак ад пахмелля.)

Ну, праўда, парадокс нейкі: з дня ў дзень, з году ў год гэтыя грыбы браць, самаму іх не есці, адчуваць сваю ад іх залежнасць і немагчымасць ад яе пазбавіцца — і адначасова нежаданне ад яе пазбаўляцца, бо прыгожыя ж яны, чэрці, загадкавыя, прыцягваюць да сябе нечым!

І вось падлеткавы (самы залаты) перыяд жыцця канчаецца. Трэба сталець. Рабіцца хлопцам. Забываць на футболы, хакеі, тэлевізары, кнігі… А ў першую чаргу на грыбы. Бо сталенне вызначаецца не толькі па тым, ці гуляеш ты ўжо з дзеўкаю, а і па тым, ці маеш ты свабоду выбару: хадзіць або не хадзіць у лес? Так і казалі старэйшыя хлопцы: «Ану адсюль, ты яшчэ па грыбы бегаеш!»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win