Шрифт:
Яшчэ я ўбачыў птушкі сьлед,
Што на шляхох вятроў, аблок,
І як займаецца сусьвет,
Дзе панаваў мярцьвячы змрок.
І цуды дробныя - наўзбоч,
Не патрабуюць адкрыцьця.
Не пазычай мне сваіх воч,
Я сам убачыў, не дзіця.
МЯНТУЗ
У сонных водах рэчкі Гайна
Жыцьцё віруе разнастайна.
Міфалягічныя істоты
Мянтуз пакінуў без работы.
Як вадзянік, людзей пужае,
Лятае ноччу на кажане.
Сарвецца - плёх - буйныя хвалі
На строме рэчку абганялі.
А рыбакам замест улову
Заблытаў лёскі адмыслова.
Гучней за музыку «Дып папал»
Раўлі гурбою - ну і д'ябал!
ГОСЬЦЯ
Ты ўвайшла нечакана, ікліва.
Я пісаў і нічога ня чуў:
Ад гранёнага слова шчасьлівы,
І ад роспачы слёзы ўваччу.
Ты ўвайшла і як сябру сказала:
– Добры дзень, кандыдыт на Парнас!
Ты прабач, на хвілінку з вакзала...
Ну як справы? Відаць, ужо ас?!
Прыгадала было здарэньне,
Толькі ў ім я сябе не пазнаў.
– Вось прывезла літроўку варэньня,
Гэта вішні, як ты заказаў.
І пайшла, і як воблака зьнікла,
Нават дзьверы ня рыпнулі ўсьлед.
Толькі білі гадзіньнікі звыкла
Ды літроўку разглядваў буфэт.
Хто яна, таямнічая госьця?
Я ня ўспомню, ня ўспомню ніяк!
Гэта сон, гэта мне падалося...
Слоік вішняў - пакутлівы знак.
НА ПАЛЯВАНЬНІ
Бусел - балотны каморнік -
Мерае багну рупліва.
Шчыльны трысьнёг ледзьве горне
Вецер - стары і сварлівы.
Порсткі сабака дзядзькі Ягора
Раптам замёр, быццам стодка з фарфору.
РАСПЛАТА
У люстэркі лістоты
глядзіцца сонца.
Зьняважыў злачынца дрэва
Абразай ілжывых слоў,
У сьпіну нібыта стрэліў,
І словы атруцілі дол.
Як трызьніла дрэва сутоньнямі!
Як моташна лісьце гуло!
Наўкольныя парасткі кволыя
Ня ўзьнімуцца ўжо на крыло.
Ня трэба ні шроту, ні пораху -
Люстэркі на дрэве зіхцяць...
Нацэліла зброю на ворага,
І полымя бег не суняць.
ІНДУСТРЫЯЛЬНА-ХІМІЧНЫ ДЖАЗ
Зноў людзкія адбіткі заганныя,
Як музыкі, ў нябёсах лятаюць -
Працінаюць пякельную ноч.
Нараджаюць мэлёдыі танныя:
Дзьмуць у комінаў доўгія пальцы,
Дзьмуць да чырвані пацерак-воч.
Іх музычны імпэт без падману -
Не жартуюць браты-блюзьняры.
Уздымаюцца клубы туману,
Тлум цярушыцца на ліхтары.
Што паперныя столі і дахі!
Тлум укрые таксама і нас.
Тлумны час, як заўсёды, ня ў час.
І мацнеюць мелёдыі жаху,