Шрифт:
— Цяпер не купіш.
Ён узяў з яе рук звязаныя вузлаватымі шнуркамі дзіцячыя чаравічкі, надта разбітыя, з дзіравымі падэшвамі і скрыўленымі заднікамі, з дзіркамі ў насках, і яму зрабілася сумна: як адрамантаваць іх? Але бабка, нібы прысуду, поўная ўвагі, чакала ягонага слова, і ён, уздыхнуўшы, не знайшоў сілы адмовіць.
— Ладна, як-небудзь зробім. Сёння пад вечар.
— Дзякуй жа табе, сынок, дзякуй. Я ж ў даўгу не застануся, аддзячу. Хай цябе бог ратуе…
Ён правёў бабку і вярнуўся ў альтанку. Трэба было брацца за працу, але хацелася есці і было агідна і боязна ў душы — усё ад таго ранішняга прыходу паліцыі. Што яна рыхтуе яму, тая подлая яго падпіска? Канечне ж, працаваць на іх ён не меў намеру, але балюча адчуваў, у якое ярмо трапіў і як трудна будзе выкручвацца ў ім, у гэтам фашысцкім ярме. Абавязкова трэба будзе папярэдзіць пра тое Волкава ці хоць бы Кіслякова, расказаць, у якую справу ўцягвае яго паліцыя, і сумесна рашыць, як яму быць. Таму што… Таму што гэты фальшывы сэнс ягонага становішча можа хутка вылезці бокам для гэтых людзей ды і ці мала яшчэ для каго, але перш — для яго самога. Ён выразна ўсведамляў усю складанасць свайго становішча, але што ён мог зрабіць? Хіба праклінаць вайну ці гэтага нягодніка Драздзенку. Але і праклінаючы яго, вайну і сваю злашчасную долю, мабыць, прыйдзецца жыць і нешта рабіць у адпаведнасці з сваім сумленнем, абавязкамі камандзіра арміі, каторая цяпер сплывае крывёю на вялізным фронце ад поўначы да поўдня. Напэўна, тым, што цяпер пад Масквой ці Смаленскам, куды цяжэй, тысячамі кладуцца яны ў брацкія магілы — ці гожа яму наракаць на свой лёс? Трэба трываць і, пакуль ёсць магчымасць, рабіць нейкую справу. Але толькі б не пашкодзіць сваім.
Таропка перакусіўшы на кухні, ён успомніў Бараноўскую і пашкадаваў, што ў такі час яе не было дома. Ён пачаў ужо прывыкаць да гэтай своеасаблівай жанчыны — сваёй гаспадыні, напэўна, у такой справе яна б яму штосьці параіла ці хоць бы паведаміла штось. Яна ж, як мясцовая жыхарка, ведала тут усіх і, здаецца, умела разбірацца ў людзях. А людзі яму, мабыць, хутка спатрэбяцца. Без людзей у ягонай справе — пагібель.
Рэшту таго дня ён патраціў на бабчыны чаравічкі і трохі прывёў іх да ладу. Для больш грунтоўнага рамонту патрэбны былі матэрыялы — скура, падэшвы, якіх ён не меў, і думаў, што з такім мізэрным запасам ягоная рамонтная справа хутка ўвапрэцца ў тупік. Чым тады ён будзе карміцца? Сядзець на ўтрыманні гаспадыні? Дажыўся бравы начбой Агееў, ці інжынер Бараноўскі Алег Кірылавіч. Ён зусім ужо стаў блытацца ў сваіх імёнах і не ведаў, якое з іх будзе для яго шчаслівейшым.
Бабка прыйшла надвячоркам, калі ён, паставіўшы на краі стала чаравічкі, сукаў на запас дратву — для новага рамонту. Але больш заказаў у яго не было, ніхто да яго не ішоў, і ён, назапасіўшы дратвы, збіраўся вылазіць з-за стала. Мацаючы кіёчкам дарогу, бабка, нібы сляпая, збочыла з вуліцы і спынілася перад альтанкай.
— Во, бабка, гатовы.
— Гатовы? Дзякуй табе, галубок, дзякуй божаньку. Во за труды твае з беднай бабы.
Яна беражна паклала на ражок стала складзены амаль да памеру паштовае маркі рубель і ўзяла чаравічкі.
— Хай носіць на здароўе, — сказаў Агееў.
— Ой дзякуй жа табе! Хай бог дасць здароўечка…
Усё мармычучы словы падзякі яму і богу, яна выйшла на вуліцу, і Агееў узяў са стала рубель, разгарнуў яго. Во і яго першы грашовы заробак, падумаў ён іранічна. Калі так справа пойдзе і далей, прыйдзецца трымаць зубы на паліцы. Яму наўрад ці яны спатрэбяцца.
Той дзень ён нічога не рабіў болей, нават не паеў у полудзень, хаця перад ім на стале ляжалі прынесеныя Марыяй гасцінцы, да якіх ён зрэдзьчасу вяртаўся ў думках. Ён прасядзеў на кухні да вечара, усё пазіраючы ў акно — ці не завітае хто ў двор. Сам ён не хацеў лішні раз без патрэбы вытыркацца на людзі: заказчыкі яго не надта цікавілі — будуць дык будуць, а не, дык, можа, і лепей. У яго быў клопат больш пільны — ён чакаў каго-небудзь з лесу, ад Волкава ці Кіслякова, яму трэба было паведаміць пра новы паварот у ягоным лёсе. Але, як назло, да вечара ў двары ніхто не з'явіўся, не з'явіўся і ўвечары.
Калі ўжо цалкам сцямнелася і над мястэчкам усталявалася ноч, ён паблукаў па двары ў цемры, паслухаў і маркотна патупаў у свой застаронак.
Раздзел чацверты
З самага ранку Агееў сядзеў ля палаткі і чакаў.
Учора ўвечары яго ўсё ж даняло сэрца, і, як толькі трошкі палегчала, ён схадзіў у пасёлак і даў тэлеграму сыну, каб той прыехаў. Ён даўно ўжо не званіў у Мінск і не ведаў, ці застане тэлеграма сына, які часта адлучаўся ў камандзіроўкі — у Маскву, на Ўрал, у Закаўказзе; працуючы ў праектным інстытуце, той быў звязаны з радам прадпрыемстваў па ўсёй краіне. І вось Агееў чакаў, цярпліва і самотна, бо стала відаць, што праца ў кар'еры — не для яго і, каб неяк давяршыць гэтую задоўжаную справу, яму трэба падмога.
З раніцы ён чакаў ля палаткі, але калі ў поўдзень стала прыпякаць сонца, узяўшы вядро, перайшоў у цень пад агароджай могілак. Тут было не так горача, уздоўж невысокай, па грудзі чалавеку, каменнай сцяны часам павяваў ветрык, ціхенька шумела лісце таполяў угары, і наогул было добра ў спакоі, калі б толькі лепш працавала сэрца. Але сэрца працавала па-ранейшаму кепска. Прыступы арытміі з невялікімі прамежкамі адбіралі сілу, часам выклікаючы страх смерці, і ён палохаўся ад думкі, што можа не дачакацца сына і наогул нічога не дачакацца. Так мінула багата часу, сонца павярнула на захад, шырокі з раніцы цень ад дрэў звузіўся да няроўнай паласы пад сцяной, і ён ужо думаў, што прыйдзецца перабірацца адсюль, калі на дарогу з-за могілак выскачыў «жыгулёнак» — чырвоны, нібы вугольчык з жару, трэцяй мадэлі выпуску. Агееў адразу пазнаў машыну і, спалохаўшыся, што яна праскочыць далей, замахаў рукой. Машына прытармазіла, быццам нават спынілася, а затым крута павярнула на пагорак і падкаціла да ягонай палаткі.
— Баця!
Сын быў вялікі, барадаты, як і належыць сучасным маладым мужчынам, ён далікатна абняў паўнаватае, неяк ненетуральна абмяклае цела бацькі, паляпаў яго па плячах.
— Ну, што ты? Ну, як? Прыціснула, ага?
— Нічога, нічога, — сказаў Агееў. — Знаеш, так вось… Дзякуй, Аркадзь, што прыехаў.
— Атрымаў тэлеграму, якраз з Худзяковым сядзелі. Ну, кажа, едзь. Два дні назад квартальную справаздачу здалі, так што…
— Ну, дзякуй…
— А я думаў, што ты ў гасцініцы. Прыехаў, кажуць: не значыцца, — ажыўлена расказваў сын, памахваючы ланцужком ад ключа. — А ты, значыць, на свежае паветра перабраўся? Ці выселілі?
— Не, чаму? Проста бліжэй… — сказаў Агееў і змоўк: пра сваю працу ў гэтам пасёлку ён нічога не расказваў сыну, проста сказаў неяк па тэлефоне, што затрымліваецца, ёсць старыя, з вайны, справы. Сын ведаў, што ў сорак першым ён нядоўга жыў тут, удзельнічаў у падполлі.
— Хіба адсюль бліжэй? — здзівіўся Аркадзь і павярнуўся да бацькі — рослы, шыракаплечы, у імпартнай, на кнопках, кашулі з кішанямі на грудзях і выцертых да белых плям джынсах, якія туга сядзелі на яго худым задзе. — Можа, кіламетр ад цэнтра.