Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ды во, бачыце, трошкі прадралася…

Заклапочаны сваімі непрыемнасцямі, Агееў бегла азірнуў туфель: у наску каля падэшвы была невялічкая дзірка, на якую трэба было накласці лапік. Ён пакорпаўся ў скрынцы айца Кірыла, знайшоў мяккі шматок скуры, з якога касым шавецкім нажом адкроіў невялікі, з бярозавы лісцік, кавалак. Увесь гэты час дзяўчына стаяла насупраць, і ён сказаў:

— Ды вы сядайце. Зараз паспрабуем залапіць.

— З дапамогай шыла і нятоўстай дратвы ён прышываў лапік, а Марыя моўчкі сядзела побач, пільна назіраючы за яго працай. Праца, аднак, не дужа ладзілася, у вузкі насок туфлі пралазілі толькі два яго пальцы, якімі было нязручна ўхапіць іголку. Хутка ён балюча ўкалоўся, і Марыя сказала:

— Напарстак трэба.

— Які напарстак?

— Напарстак. З каторым жанчыны шыюць тоўстую тканіну.

Агееў з цікаўнасцю паглядзеў на яе лагодны, амаль не загарэлы твар з дробненькімі завушнічкамі ў вушах і раптам зразумеў, што яна нетутэйшая, зусім можа быць, як і ён, закінутая сюды жахлівымі шляхамі вайны.

— Даўно тут? — запытаў ён ціха.

— Я? З чэрвеня. Ужо трэці месяц. А чаму вы пытаецеся?

— Ды так. Бачу, нетутэйшая быццам.

— Ды і вы ж нетутэйшы. Адкуль пра мяне ведаеце?

— А адкуль вы ведаеце, што я нетутэйшы? — запытаў ён, не паднімаючы галавы ад туфля.

— А мне Вера сказала. Тая, што ўчора са мной прыходзіла.

— Вера тутэйшая?

— Амаль тутэйшая, — уздыхнула Марыя, абцягваючы на каленях падол сарафаніка. — Настаўніца, у школе рабіла. А я з Мінска. Прыехала на сваю галаву, а цяпер як выбрацца?

— Да родных прыехала?

— Да сястры. Вера ж мая стрыечная сястра. Тут жыве ў бляхара Лукаша, вунь на суседняй вуліцы. Мужа на вайну ўзялі, цяпер яна з дваіма дзецьмі…

— Да, гэта нялёгка. У такі час ды з дзецьмі, — ціха сказаў Агееў, засяроджана калупаючыся ў туфлі. Ён хацеў зрабіць усё акуратна, але акуратна ў яго не атрымлівалася — сцяжкі выходзілі няроўныя, скура лапіка моршчылася, а галоўнае — прадзець у насок іголку было вельмі нязручна, і ён пакалоў усе пальцы. Марыя, мабыць, заўважыўшы тое, вінавата сказала:

— Кепска атрымліваецца? Нарабіла я вам клопату…

— Нічога, як-небудзь.

— Канечне, вы яшчэ толькі вучыцеся. Калі-небудзь і атрымаецца.

Ён з міжвольным здзіўленнем паглядзеў на дзяўчыну.

— Гэта чаму вы так думаеце?

— А што ж, хіба не відно? Які з вас шавец? Камандзір, напэўна…

Во табе і раз, падумаў Агееў з раптоўнай непрыемнасцю ад тых яе слоў. Другі кліент запар сумняваецца ў яго шавецкім умельстве, з першага позірку бачыць у ім камандзіра — куды гэта варта? Трэба было штосьці прыдумаць, адпусціць даўжэйшую бараду, ці што? Ці ўдасканаліць гэтае праклятае рамяство, якое яму чамусьці нечакана трудна давалася.

— А ты ў Мінску чым займалася? — грубавата запытаўся ён, трохі раззлаваўшы ад яе праніклівасці. Марыя, аднак, не пакрыўдзілася.

— Я ў педагагічным вучылася. Думала матэматыку выкладаць. Ды во, мабыць, не прыйдзецца, — сказала яна і нахмурыла светлыя броўкі.

— Нічога, як-небудзь. Галоўнае — спыніць яго, — сказаў ён даверліва, і яна горача падхапіла:

— Да? Вы так лічыце? Кажуць, за Смаленскам ужо спынілі. Нейкі горад вызвалілі. А тут што робіцца!..

— Яўрэяў пабілі?

— Расстралялі ўсіх да аднаго. Спярша сказалі, у горад пагоняць, загадалі золата ўзяць, пярсцёнкі, грошы і на трое сутак прадуктаў. А саміх у той жа дзень у тарфяніках пастралялі. Нашто было браць прадукты?

— А каб не здагадаліся, куды гоняць, — сказаў ён, адразу зразумеўшы гэтую нямецкую хітрасць. Марыя здзівілася:

— Ой, як вы разгадалі! А я вось не магла. Усё думала: ну, яны ж не дурныя, рацыяналісты, усё ў іх прадумана да дробязей — нашто прадукты? Бо ўсё ж з забітымі пакідалі ў ямы.

— Дурное дзела няхітрае, — сказаў ён і, можа, упершыню за ранак уважліва паглядзеў на дзяўчыну. На яе далікатным твары паявіўся і прапаў выраз шчырага захаплення, у глыбіні шэрых, шырока раскрытых вачэй цямнелася нейкае перажыванне, мабыць, ужо дасталося і ёй у гэтам мястэчку.

— Бацькі ёсць?

— Мама была. Семнаццатага чэрвеня паехала ў Стаўрапаль. Не ведаю цяпер, ці паспела вярнуцца.

— Наўрад ці паспела.

— Не паспела. Хто думаў, што фронт так хутка адкоціцца.

— Да, на фронце цяпер крывавая каша.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win