Трансплутонавыя афелii
вернуться

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

Падобным супадзенням Зыль навучыўся не давяраць. Яны выклiкалi сумненнi i патрабавалi новай праверкi.

Прыборы запiсалi час i напрамак, адкуль была прынята перадача. Былi вядомы i каардынаты неба, дзе тады знаходзiлася камета. Параўнаўшы гэтыя даныя, Зыль збянтэжыўся. Сiгнал, аказваецца, адлюстраваўся не ад ядра, а ад нейкай кропкi, якая знаходзiлася даволi далёка ад Пялёстка. Гэта было неверагодна, хваставая частка не магла служыць адбiвальнiкам радыёпромня.

Зыль яшчэ раз праверыў лiчбы. Памылкi ў iх не было. Яна была ў вывадах радыста. Яго апараты прынялi не адлюстраваны сiгнал. Мяркуючы па ўсяму, той прыйшоў аднекуль здалёк, прабiўшыся праз камету. Магчыма, гэта i сказiла яго. Не выключана i тое, што сiгнал належыць чужой цывiлiзацыi, i таму яго не здолелi расшыфраваць.

Урэшце, ламаць галаву над паходжаннем сiгнала — справа супрацоўнiкаў Iнстытута пазазямных цывiлiзацый. Зыль уздыхнуў. Яму стала сумна, нiбы ён зараз развiтаўся з нечым добрым. Ён разумеў, што гiсторыя з сiгналам не мела нiякага дачынення да Пялёстка, i разам з тым адчуваў, што, бадай, больш ужо не будзе аддаваць Пялёстку столькi ўвагi, як раней. Нiбыта той не апраўдаў нейкiх яго спадзяванняў.

Каб скончыць справу з каметай i сiгналам, Зыль вырашыў у блiжэйшы час падрыхтаваць справаздачу i адправiць яе на Зямлю. Ужо складваючы фатаграфii каметы, ён зноў звярнуў увагу на яе выцягнуты хвост. Машынальна зiрнуўшы на куток здымка, дзе стаяла дата, ён здзiвiўся: сiгнал быў прыняты як раз у гэты дзень. Зыль адзначыў: яшчэ адно супадзенне. Але матэрыялы не адправiў.

Да Пялёстка Зыль усё-такi вярнуўся. Гэта здарылася праз тры цi чатыры днi. Знаходзячыся ў абсерваторыi, ён не вытрымаў i накiраваў тэлескоп на камету. Яна па-ранейшаму холадна iскрылася чужым святлом. I толькi… Зыль аж чмыхнуў ад прыкрасцi. Зноў тут утварылася новая фiгура. Што за прычына? Вiдаць, камета захапiла нейкае цела са значнай масай, i яно… Зыль хутка зрабiў здымкi i пабег у лабараторыю, дзе знаходзiўся iх самы магутны павелiчальнiк.

Ён не памылiўся. Камета захапiла новае цела. Яно, напэўна, паспела ўжо абрасцi льдом i таму, вiдаць, страцiла сваю першапачатковую форму. Аднак Зыль быў перакананы ў гэтым, цела не было астэроiдам. Яно нагадвала… Зыль павялiчваў i павялiчваў здымак. I раптам у яго аж дух захапiла. Нягледзячы на напластаваннi, можна было прасачыць першапачатковую форму цела. Прадаўгаватае, з кальцом на канцы, яно было падобна на… зямны зоркалёт мiнулага стагоддзя.

Зыль выключыў павелiчальнiк. Ён выйшаў з лабараторыi, адчуваючы, як унутры палiць думка: а раптам гэта сапраўды зямны зоркалёт?

У бiблiятэцы ён доўга праглядаў фiльмы аб усiх зоркалётах, якiя калi-небудзь адпраўлялiся ў прастору. Частка з iх ужо вярнулася, некаторыя, як той самы з Капэлы, паведамiлi аб сабе, пра вяртанне iншых гаварыць пакуль рана, бо iх шлях вельмi доўгi.

Зыль ведаў, што аб сваiх назiраннях i роздуме ён павiнен паведамiць на Зямлю. I разумеў, што гэта ўрэшце нiчога iстотнага не дасць. Калi ён не вырашыць загадку тут, то на Зямлi яе тым больш не адгадаюць. Адтуль камету не ўгледзiш, а на перагаворы будзе патрачана некалькi дзён — лазераграма ад Плутона да Зямлi iдзе больш пяцi гадзiн. За гэты марна патрачаны час Пялёстак знiкне з поля зрочу Плутонавага тэлескопа.

Што ж, хоць гэта i яўнае парушэнне правiл, ён паспрабуе выкарыстаць тыя нямногiя гадзiны, якiя дае яму камета. Ён паспрабуе сам дабрацца да iсцiны.

Зыль прыняў за аснову меркаванне, што гэта зямны зоркалёт. Яму было пакуль не так ужо важна, якi ён i адкуль вяртаўся. Галоўнае, што зоркалёт чамусьцi страцiў здольнасць да самастойнага руху ў прасторы i таму мае патрэбу ў дапамозе.

Гэта, бадай, крыху смелы вывад, але, як нi круцi, iншага не прыдумаеш. А за iм следаваў другi — абавязкова паведамiць на Зямлю.

Усё ўпiралася ў Зямлю.

Зыль уздыхнуў. Паслаўшы справаздачу, ён тым самым пазбаўляў сябе адказнасцi за наступны ход падзей. Ён жа толькi начальнiк касмадрома, i ў яго няма ў падначаленнi службы выратавання караблёў. Для гэтага iснуюць спецыяльныя атрады, якiя базiруюцца ў цэнтры Сонечнай сiстэмы. Яны, безумоўна, прыйдуць на дапамогу. Аднак тут ёсць невялiкiя няўвязкi. Першая час, якi спатрэбiцца караблям-выратавальнiкам, каб дабрацца да мэты, i другая — не выключана, што ён наогул памылiўся i гэта нiякi не зоркалёт.

I Зыль вырашыў зрабiць па-свойму, хай сабе гэта i будзе службовым парушэннем. Iншага выйсця ён не бачыў.

Праз гадзiну Зыль сабраў свой нешматлiкi калектыў. Пазнаёмiўшы таварышаў са становiшчам, ён сказаў намеснiку:

— Палячу я, падрыхтуй «Барса».

— Табе нельга, — запярэчыў намеснiк.

— Урачы? — з горыччу спытаў Зыль. — А ў тых, хто, магчыма, трапiў у пераплёт там, у прасторы, можа, здароўе яшчэ горшае. — I, быццам канчаючы размову, загадаў: — Я склаў усе матэрыялы. Паведамiце на Зямлю, калi стартую. Зоркалёт з Капэлы прымiце без мяне.

Пяцiмесны «Барс» быў адзiны карабель, што стаяў на ўсякi выпадак на касмадроме Плутона. Ён мог развiваць хуткасць крыху вышэйшую, чым унутрысiстэмныя планеталёты, але да гэтага часу яму нi разу не даводзiлася адрывацца ад Плутона. Зыль не меў дыплома пiлота. Кiраваць «Барсам», калi здарыцца выпадак, павiнен быў iншы. Але i на гэты раз Зыль парушыў правiлы, адправiўшыся адзiн. У свой час, пазбаўлены магчымасцi скончыць школу астралётчыкаў, ён усё-такi асвоiў спецыяльнасць пiлота самастойна. I пазней, ужо на Плутоне, нiбы прадбачачы гэты выпадак, часта забiраўся ў кабiну «Барса» i ўяўляў сябе яго капiтанам. Ён вельмi любiў космас.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win