Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Станавіты і разважлівы Бруй урачыста заявіў новаспечанаму войту:

— З цябе, брат, належыць фундацыя, — на што Васіль Бусыга выказаў поўную сваю згоду.

Ён нават падміргнуў сваім прыяцелям і таемна прызнаўся, што ў яго ёсць польскі спірытус пад прыгожаю назваю "злоты клос", і запрасіў іх на вечар да сябе.

А пасля ўжо гэтага пачалася гутарка, адпаведная войтавай годнасці.

— Дык значыцца — войт?

У гэтыя простыя словы Кандрат Бірка ўкладаў многа зместу.

— Войт, — важна пацвердзіў Бусыга.

— Раз войт, дык трэба і за парадкам дасачыць, — далучыўся да гутаркі Бруй, — а то ўжо на нашы голавы падымалася даўбежка — свярбелі рукі ў "таварышаў".

Вось тут ралтам усердаваўся Кандрат.

— Як ты дасочыш, калі, паміж намі кажучы, польскія салдаты — бабы: ну як гэта можна дапусціць, каб гэтыя самыя "таварышы" з голымі рукамі абяззброілі канвой? Смех адзін. А вось цяпер ты іх злаві, папрабуй. Пазашываюцца ў лес, і ўдзень ты іх са свечкаю не знойдзеш. А яны табе сядзець там будуць?

— I не сядзяць, ужо не сядзяць і не будуць сядзець. А вось прыйдзе вясна, тады, брат, разгону ім болей будзе. Разлайдачыліся. Давай ім усё: і зямлю, і гаспадарку. А яна табе, гаспадарка, сама прыйшла ў рукі? — Разважлівы Бруй сказаў цэлую ўсім вядомую прамову на тэму, чаму адны жывуць і хлеб маюць, а другія толькі на чужое дабро раты разяўляюць.

Выслухаўшы прыяцеляў, слова ўзяў сам войт. Ён заспакоіў іх. Страшнага няма нічога ў тым, што канвой абяззброілі. Такія выпадкі бывалі і бываюць, і свет ад іх не пераварочваўся. Але і нам што-колечы рабіць трэба, а не чакаць, покі цябе дзяліць прыйдуць.

— Што ж, нам ці што ў партызаны ісці? — запытаў Кандрат.

Разважлівы Бруй на ляту падхапіў думку:

— А ты кажаш праўду. Не пашкодзіла б нам сваіх партызанаў мець.

— А ты, Сымоне, праўду кажаш: трэба было б знайсці чалавека ды падаслаць да іх нібы іх хаўрусніка, — ухапіўся войт за гэту думку.

Прыяцелі знайшлі спосаб. Усім спадабалася такая камбінацыя, і яны сталі падшукваць адпаведнага чалавека. Называлі кандыдатаў. А ў кандыдатах ніколі нястачы не бывае на свеце. Знайшоўся падхадзяшчы чалавек і ў нашых прыяцеляў. Разважлівы Бруй назваў такога кандыдата, а прыяцелі дружна падтрымалі яго. Гэтым кандыдатам аказаўся Саўка Мільгун. Хто ж такі Саўка і ў чым яго кандыдацкія вартасці?

Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Яго можна было наняць на якую хочаш справу. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супраць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Прасцей сказаць, прыяцелі прызначалі Саўку ролю правакатара і даносчыка.

Як толькі разышліся, па сяле прайшла чутка аб вепраўскіх падзеях. Гэта чутка дужа моцна ўсхвалявала сяло. Але і гэту весць людзі ўспрынялі па-рознаму. Васіль Бусыга адчуў здаваленне. Тая акалічнасць, што палякі спалілі Мартынаву хату, гаварыла за тое, што яны шукаюць Мартына і ўсю кампанію, што была з ім, і помсцяцца за раззбраенне канвоя. У той жа час на яго павявала непакоем: хто ж такі той невядомы, хто застрэліў польскага салдата і раніў другога? I яго не злавілі. Можа, гэта Талаш? А можа, Мартын?

Калі дачулася аб гэтым Аўгіня, то яна моцна затрывожылася. Нашто спалілі Мартынаву хату? Куды ж падзенецца яго сям'я? За што забілі Кандрата Буса, таго Кандрата, з якім яна калісь дружыла, які любіў яе? Ёй прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Бус і яны пайшлі з ім поруч. Мартын угневаўся і не прыйшоў да яе. Цяпер усё гэта ўсплыло ў яе памяці, і яна асудзіла свой легкадумны ўчынак. Весць аб смерці Кандрата і аб падпале яго хаты зрабіла цяжкае ўражанне на Аўгіню. Яе цешыла толькі думка аб тым, што нехта невядомы папомсціўся за Кандрата і яго не злавілі. Хто ён? Можа, Мартын з дзедам Талашом? I гэта падобна было да праўды: яны сёння былі тут.

Першы прыйшоў да войта Кандрат Бірка. У хаце была адна Аўгіня і меншыя дзеці. Аўгіня стаяла каля печы, папраўляла вілкамі дровы. Кандрат паздароўкаўся і запыніўся каля Аўгіні. Ён ніколі не прапускаў здарэння, каб не зачапіць яе.

— Ой, холадна, Аўгінька! Ці няможна пагрэцца каля цябе? — сказаў ён і пасунуў сваю рыжую мардасіну бліжэй да Аўгінінага твару і абняў яе адною рукою.

Аўгіня рэзка павярнулася, хоць і сказала, што любіць рыжых, і вызвалілася ад яго рукі. Яна зараз жа стрымала сваю рэзкасць і лагодна зазірнула яму ў вочы, зазірнула так, як умела зазіраць яна.

— Бач, які ваяка: на бабу напаў. Ты б у лес пайшоў ды паваяваў.

Маленькія Кандратавы вочкі замасліліся.

— I зусім не нападаю: дакрануцца да цябе лічу за шчасце… Эх! — змяніў ён рэзка голас. — Ну, каб ты не была войтава жонка!.. Войта мне шкада. А ваяваць я не пайду: мы за сябе ваяку паставім.

I расказаў Аўгіні пра камбінацыю з Саўкам. Такой прыгожай жанчыне, ну хоць добраю навіною дагадзіць. Расказаўшы, самазадаволена захіхікаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win