Ферма
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Адным познім летнім вечарам па ферме пранеслася раптоўная чутка, нібыта нешта здарылася з Баксёрам. Перад тым ён пайшоў адзін сцягваць каменне да ветрака. І, відаць, чутка была праўдаю. Праз некалькі хвілін прыляцелі два галубы з навіною: «Баксёр упаў! Ён ляжыць на баку і не можа ўстаць!»

Каля паловы ўсіх жывёлаў кінуліся да пагорка, на якім стаяў вятрак. Баксёр ляжаў між аглобляў, выцягнуўшы шыю, і не мог нават падняць галавы. Вочы ў яго зацьмеліся, бакі набрынялі потам. З рота ліўся тонкі струменьчык крыві. Канюшынка прысела каля яго на калені.

— Баксёр! — закрычала яна. — Што з табою?

— Нешта з лёгкімі, — адказаў Баксёр слабым голасам. — Нічога страшнага. Я думаю, вы здолееце скончыць вятрак і без мяне. Назбіралася ўжо ладная куча камення. А мне застаўся ўжо хіба які месяц. Сказаць праўду, я даўно ўжо марыў пра адпачынак. А можа, як Бэнджамін ужо таксама стары, яны дазволяць яму пайсці на пенсію разам са мною, і тады мне не будзе сумна.

— Яму трэба хутчэй дапамагчы, — сказала Канюшынка. — Хай хто збегае да Віскуна і скажа, што здарылася.

І ўсе астатнія жывёлы кінуліся да сядзібы, каб пераказаць навіну Віскуну. Засталіся толькі Канюшынка і Бэнджамін, які лёг побач з Баксёрам і адганяў ад яго мух сваім даўгім хвастом. Недзе праз чвэрць гадзіны з'явіўся Віскун, поўны спачування і спагады. Ён сказаў, што таварыш Напалеон з вялікім засмучэннем успрыняў вестку пра няшчасце, якое здарылася з адным з сама верных працаўнікоў на ферме, і ўжо робіць захады, каб паслаць Баксёра на лячэнне ў Уілінгдонскі шпіталь. Ад гэтай навіны жывёлам зрабілася крыху няёмка. Апроч Молі і Сняжка, ніводная жывёліна яшчэ ні разу не пакідала фермы, і ім непрыемна было думаць, што іх хворы таварыш трапіць у рукі чалавечым істотам. Аднак Віскун лёгка пераканаў іх, што ветэрынарны лекар у Ўілінгдоне здолее дагледзець Ваксёра значна лепш, чым гэта можна было зрабіць на ферме. І праз якіх паўгадзіны, калі Баксёр крышку ачуняў, ён з цяжкасцю ўстаў на ногі і памалу пакульгаў да свайго стойла, дзе Канюшынка і Бэнджамін падрыхтавалі яму добры саламяны подсціл.

Два наступныя дні Баксёр заставаўся ў стойле. Свінні прыслалі вялікую бутлю з нейкім ружовым зеллем, якую яны знайшлі ў медыцынскай скрыні ў ванным пакоі, і Канюшынка давала яго Баксёру двойчы на дзень пасля ежы. Вечарамі яна ляжала побач з ім у стойле і гаварыла з ім, а Бэнджамін тым часам адганяў ад яго мух. Баксёр прызнаваўся, што ён не шкадуе аб тым, што здарылася. Калі ён паздаравее, дык зможа пражыць яшчэ гады тры, і ён марыў пра спакойныя дні, калі будзе адпачываць у зацішным кутку вялікага выгану. Упершыню ён будзе мець досыць вольнага часу, каб вучыцца і практыкаваць свой розум. Ён збіраўся, як сам казаў, прысвяціць усё сваё астатняе жыццё вывучэнню астатніх дваццаці дзвюх літар алфавіта.

Аднак Бэнджамін і Канюшынка маглі быць разам з Баксёрам толькі пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзіне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалі на праполцы рэпы пад наглядам свінні, калі яны раптам са здзіўленнем убачылі, як Бэнджамін ляціць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылі Бэнджаміна ўзрушанага і ўпершыню бачылі, як ён бяжыць. «Хутчэй, хутчэй! — крычаў ён. — Сюды! Баксёра забіраюць!» Не чакаючы загаду ад свінні, жывёлы спынілі працу і кінуліся бегчы да будынкаў. І праўда, на двары стаяў вялікі закрыты фургон, у які была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напісана, а за фурмана сядзеў хітраваты чалавек у насунутым на вочы капелюшы. І Баксёрава стойла было пустое.

Жывёлы скупіліся вакол фургона. «Бывай, Баксёр, — крычалі яны хорам, — бывай!»

— Дурні! Дурні! — закрычаў Бэнджамін, скачучы вакол іх і б'ючы аб зямлю сваімі маленькімі капытамі. — Дурні! Вы што, не бачыце, што напісана на фургоне?

Жывёлы на хвіліну задумаліся, і стала ціха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамін адштурхнуў яе і прачытаў сярод мёртвай цішыні:

— «Элфрэд Сімандс, канарэз і клеявар, Уілінгдон. Лупленне скур і выраб касцяной мукі. Дастаўка сабачых будак». Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!

Ва ўсіх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвіліну чалавек сцебануў коней, і тыя хуткай рыссю павезлі фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглі за ім, крычучы што мелі сілы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набіраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсці на галоп, перабіраючы сваімі тоўстымі нагамі. «Баксёр! — крычала яна. — Баксёр! Баксёр! Баксёр!» І якраз у гэты момант, нібы пачуўшы шум і крыкі звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.

— Баксёр! — закрычала страшным голасам Канюшынка. — Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забіць!

Усе жывёлы падхапілі крык: «Уцякай, Баксёр, уцякай!» Але фургон усё хутчэй і хутчэй аддаляўся ад іх. Невядома, ці зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвіліну галава яго знікла з акенца і пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца. Былі часы, калі пары ўдараў Баксёравых капытоў хапіла б, каб разбіць гэты фургон на трэскі. Але, на жаль, колішняя сіла пакінула яго; і праз некалькі хвілін стукат капытоў зрабіўся слабейшы, а пасля зусім сціх. У роспачы жывёлы пачалі заклікаць двух коней, што везлі фургон, каб яны спыніліся. «Таварышы, таварышы! — крычалі яны. — Не вязіце вашага брата на смерць!» Але дурныя стварэнні, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робіцца, апусцілі вушы і пабеглі яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы наперад і зачыніць цяжкую браму, але было позна: праз хвіліну фургон мінуў браму і неўзабаве знік за паваротам. Больш Баксёра ніколі не бачылі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win