Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

У калідоры за тонкімі дзвярамі нумара чуліся таропкія крокі жыльцоў, бесцырымонна перагукваліся спаважныя пакаёўкі, аднойчы ўварваліся шум, смех і гамана маладых людзей — прыслухаўшыся, Агееў зразумеў, што гэта спартсмены.

Праўда, яны хутка зніклі — на трэніроўкі ці на абед у сталовую, у гасцініцы запанавала цішыня, і ён заснуў ці задрамаў, як толькі крыху выраўнялася сэрца.

Прачнуўся ад нязвыклай трывожнай цішы, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, дзе ён. Было зусім цёмна, за прыштораным акном ляжала летняя ноч, праз шчыліну каля дзвярэй прабівалася тоненькая палоска святла ад лямпачкі з калідора. Аднекуль здалёк, з ускраіны пасёлка, далятаў ледзь чутны сабачы брэх, а наогул было маркотна і ціха. Неўзабаве, аднак, у гэтай душнай, гнятлівай цішы ён улавіў знаёмыя гукі рухавіка, якія спярша ўстрывожылі яго, а пасля жаданай міратворнасцю ляглі на яго душу, як толькі ён зразумеў, што гэта — бульдозеры. Яны працавалі і ноччу, закопвалі кар'ер — кар'ер яго памяці, раўнялі абрывы ягоных трывог, выбоіны яго памылак, назаўжды сціраючы іх з ягонага жыцця і яго перабольшанага ўяўлення. Зацяўшы дыханне, Агееў услухаўся ў захлюбісты грукат дызеляў, і яму зрабілася нясцерпна шкада чагосьці, што заставалася ў беззваротным мінулым, — можа, сябе і сваёй скрываўленай маладосці, можа, даўно нежывых, расстраляных, забітых, закатаваных у фашысцкіх засценках таварышаў.

Можа, гэта быў плач душы па тых, каму не суджана было нарадзіцца і прадоўжыць жыццё, але пачуццё няўцешнага гора ахапіла яго так моцна, што ён, страціўшы спакой, падняўся, сеў на пасцелі і раптам зусім незнарок заплакаў. Ён быў тут адзін і мог не стрымліваць сябе, даць волю слязам, і даўкія сутаргі скаланалі яго грузнае цела. Ён плакаў доўга, самазабыўна, як гэта здаралася з ім калісь у раннім дзяцінстве, — аб сабе і аб іх, непамерных людскіх пакутах, якія, аказваецца, ніколі не мінаюць бясследна. Навучаны жыццём, ён ужо разумеў, што за ўсё трэба плаціць — за добрае і за кепскае, якія так моцна звязаны ў гэтым жыцці. Але ўся справа ў тым: хто плоціць? Плоціць, канечне ж, той, хто менш за ўсіх вінаваты, хто не разлічвае на выгаду, хто ад нараджэння схільны даваць, у адрозненне ад тых, хто навучыўся браць ды патрабаваць з іншых.

У свой час ён заплаціў ЁЮ і быў бязлітасна пакараны, таму што яна была паслана яму для шчасця, а не для збавення.

Калі за прыхінутым шторай акном азначыўся ранні світанак, ён устаў, падняў свой ацяжэлы за ноч рукзак, расплаціўся з соннай дзяжурнай унізе і павалокся праз сквер на аўтастанцыю.

  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win