Шрифт:
У праграмнай "Прадмове" паэтам дакладна праведзена вызначэнне асноўных прыкмет існавання самастойнай беларускай нацыі: даўняя, праз вякі эканамічная і культурная супольнасць люду, што жыве на адной тэрыторыі разам з іншымі народамі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага ("ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмна…") і адзінства мовы ("…гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна і да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…"). Тэма нацыянальнага адраджэння ў прадмовах да зборнікаў "Дудка беларуская" (а неўзабаве і да зборніка "Смык беларускі") становіцца асновай творчасці Ф. Багушэвіча. Яна была сугучная запатрабаванням эпохі канца пазамінулага стагоддзя. Калі трохі раней, у сярэдзіне XIX ст., Італія ўрэшце пайшла па шляху аб'яднання, словы яе вялікага паэта Франчэска Петраркі, напісаныя яшчэ ў XV ст. з заклікам да нацыянальнага ўз'яднання, захавалі тую ж, калі не большую, моц. Аналагічнае энергетычнае ўздзеянне захавае за сабой слова Багушэвіча праз чвэрць стагоддзя — да часу абвяшчэння незалежнай Беларусі. Прадмова Ф. Багушэвіча стала своеасаблівым маніфестам беларускага нацыянальнага адраджэння.
Рукапіс зборніка "Дудка беларуская" не захаваўся, таму даты напісання большасці твораў невядомыя. У лістах паэта да Я. Карловіча ёсць пачатковыя варыянты твораў "Мая Дудка", "У судзе", "Воўк, ягня, авечка" (у зборніку ён змешчаны пад назвай "Воўк і авечка"), "Думка", а таксама згадкі пра гісторыю і час напісання легенды "Хцівец і скарб на Святога Яна". Аўтографы даюць падставы меркаваць, што "Дудка беларуская" кампанавалася ў 1886–1890 гг. Акурат да гэтага перыяду адносяцца частыя згадкі-выказванні Э. Ажэшкі пра Ф. Багушэвіча: "…Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават пакінуў мне іх копіі з асобным вершам, таксама напісаным па-беларуску, адрасаваным мне. Ці ж няпраўда, што гэта цудоўныя рэчы, яны маюць нейкае асаблівае хараство, і я вельмі зацікавілася, ці здолеюць нашы сяляне зразумець і адчуць іх? На будучае
лета паспрабую чытаць іх маім міневіцкім знаёмым".
У іншым лісце да Я. Карловіча (22.02.1888) польская пісьменніца зноў падзялілася ўражаннем ад чарговай сустрэчы з беларускім песняром: "Быў у мяне нядаўна п. Багушэвіч і чытаў мне сваю, толькі што напісаную па-беларуску казку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэта талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на маю думку, выдатныя. Трэба з усёй сілы заахвочваць яго да працы ў гэтым кірунку".
Усяго ў паэтычнай спадчыне Ф. Багушэвіча 48 беларускіх вершаваных твораў, а польскіх 14; фактычна, трэцяя частка. Да гонару Ф. Багушэвіча ягоныя прыжыццёвыя зборнікі "Дудка беларуская", "Смык беларускі" склалі вершы выключна на беларускай мове. Малаверагодна, што першыя паэтычныя спробы былі ў Францішка беларускамоўнымі.
Эх, скручу я дудку! Такое зайграю, Што ўсім будзе чутка Ад краю да краю!У назве праграмнага верша, якім распачаты зборнік "Дудка беларуская", не хапае толькі сцвярджальна-радаснага клічніка, як у загалоўку паэмы "Кепска будзе!" або ў не менш вядомым творы "Быў у чысцы!". Але ўжо тое, што паэт першым у XIX ст., задоўга да Купалы і Коласа (10–15 гадоў нацыянальнага руху канца XIX — пачатку XX ст. можна спакойна прыраўняць да 40, калі не больш, гадоў розніцы паміж выхадам зборнікаў Дуніна-Марцінкевіча і самога Багушэвіча) паставіў на друкарскі варштат выданне кніг, тое, што загалоўным творам выбрана менавіта "Мая Дудка" сведчыць, што напрыканцы XIX ст. паэзія беларуская знайшла ўжо так патрэбныя ёй, адэкватныя формы мастацкага, паэтычнага самавыражэння. Адгэтуль і назаўсёды слова беларускае стане адзіным валадаром беларускіх абшараў.
Тэма народнага жыцця — цэнтральная ў паэзіі паэта. Трагічны пафас большасці твораў якраз і абумоўлены абмалёўкай штодзённага побыту беларускага сялянства. Паэт нярэдка выносіць у загаловак вечныя каштоўнасці ("Мая Дудка", "Праўда", "Як праўды шукаюць"), пашыраючы свае жанрава-стылявыя пошукі. Матывы паэзіі Ф. Багушэвіча самыя разнастайныя: ад сацыяльнага аналізу рэчаіснасці ("Бог не роўна дзеле") да міжнацыянальных і міжканфесійных ("Немец"). Папулярнасць паэтавых вершаў, завезеных кантрабандаю ў Беларусь, была настолькі вялікай, што кракаўскі выдавец Анчыц у 1896 г. паўтарыў выданне "Дудкі беларускай".
3 вышыні стогадовага шляху, пройдзенага новай беларускай літаратурай ад часу выхаду ў свет паэтычных кніг Францішка Багушэвіча, яскрава бачыцца, што можна і аднаму быць у полі Змагаром, калі ты Народны Паэт; і адзін Абаронца, калі ты жыццё і талент ахвяруеш за пакрыўджаных і бяздольных; калі, як апостал, робіш усё, каб напоўніць духоўнай моцаю. Дзеля адраджэння беларускай літаратуры і нацыянальнай свядомасці Францішак Багушэвіч на схіле XIX ст. зрабіў тое, што для чэшскай — геніяльны містыфікатар Вацлаў Ганка сваім "Краледворскім рукапісам".
Творчасць Ф. Багушэвіча — вяршыня нацыянальна-ўсвядомленай ідэі беларускага адраджэння ў XIX ст., звяно, якое аб'ядноўвае ўсю беларускую літаратуру XIX ст. з яе ўздымам на пачатку XX ст. Яна ўвасабляе прадвызначэнне адметнага шляху для нацыянальнага прыгожага пісьменства, прадчуванне магутнага ўздыму духоўнасці на роднай зямлі. Засваенне і развіццё папярэдніх дэмакратычных традыцый адразу было падхоплена маладой генерацыяй. Паэзія Багушэвіча паўплывала не проста на асобных творцаў, яна здзейсніла вялізны ўплыў на абуджэнне нацыянальнай свядомасці. "Рашучы штуршок беларускаму руху надала кніжка Мацея Бурачка "Дудка беларуская", якая выйшла ў Кракаве ў 1891 годзе на беларускай мове", — канстатаваў Я. Карскі. Гэтую думку яшчэ больш упэўнена паўтарыў італьянскі даследчык Дж. Месіна ў капітальнай манаграфіі "Беларуская літаратура" (Рым, 1952). Ён вобразна, дакладна выказаўся пра неацэнную ролю першых Багушэвічавых кніжак: "Калі ў новай беларускай літаратуры і можа быць метрычны выпіс яе нараджэння, дык гэта час апублікавання ў Кракаве твораў Мацея Бурачка (Ф. Багушэвіча)".
Чаму і праз стагоддзе "Дудка беларуская" запатрабаваная? Нават у выглядзе факсіміле. Бо ў ёй ад першага і да апошняга верша пульсуе праўда пра наш паднявольны, але нескароны народ. А ў паэзіі, як і ў жыцці, самы цікавы жанр — Праўда.
Язэп Янушкевіч
Дудка беларуская
Прадмова
Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя — са жменя таго народу, — якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў — больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму?