Паляшук
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ратчу падабаўся гэты дзікун, нягледзячы на тое, што гэта была жывёла, тупая і выраджаючаяся з кожным пакаленнем. Бачная была ў гэтай жывёле нязломнасць. Калі паляшук глядзеў на пушчу — Ратчу здавалася, што гэта арол, пасаджаны ў клетку, пазірае на высокія, залітыя сонцам горы. Там шмат часу трымаецца святло, а тут, па лагчынах, ужо ляжыць цемра і імгла, і ніколі ўжо не прашумець яму на верхавінах магутнымі сваімі скрыдламі. Ратч любіў селяніна сваіх беларускіх абшараў, пакорнага, рэлігійнага, набітага забабонамі да мазга касцей і, разам з тым, моцнага, вытрымлівага. Вось зараз ён, вядома, сумуе, што загіне без сабаравання.

— Ты ў якога бога верыш? У вуніяцкага альбо праваслаўнага?

— Чаго?

— Ну дзе твой бог: у касцёле ці ў царкве?

Паляшук зітхнуў і адказаў упэўнена:

— А нашто бога саджаць у каменную будку? Бог у кожнай былцы, і ў лясах, і ў багне — паўсюль.

«Нейкі палітэізм», — падумаў паручык.

Ззаду Ратча затрашчаў барабан: падыходзілі салдаты.

Справа ўжо йшла к вечару. Стаяў шэры кастрычніцкі дзянёк, і хоць раннія маразы ўжо скончыліся — яны падтачылі лісце, і яно валілася зверху чырвонымі варахамі, і лес безупынна шалахцеў, прыгавароны да страты.

Чорныя галіны дрэў асабліва ярка вымалёўваліся на гэтай чырвонай казцы, а ліст ляцеў наўскасок, ляцеў, ляцеў.

Паляшук ішоў, аточаны чатырма салдатамі, і нешта мармытаў сабе пад нос. Твар яго часам уздрыгваў, і на ім з'яўляўся нейкі дзіўны прызрысты выраз, амаль дзіцячы па яснасці. Калі ўжо амаль падышлі да месца расстрэлу — ён ненарокам пакінуў у калюжы адзін поршань, але не заўважыў гэтага і пайшоў далей. Нага хутка пачырванела ад холаду, і Ратчу было непрыемна глядзець на гэта. Зусім скалелы ад холаду Румянцаў сказаў палешуку, калі яго паставілі да дуба:

— Ты б памаліўся хоць.

Паляшук паслухмяна пачаў казаць наступнае:

— Матка боска заступніца... І свенты Осіп і свенты Мікола, станьце маім ворагам у глотцы колам. Заступіцеся за мяне і зямлю маю... Усіх сумуючых...

Відаць, ён нават не ведаў малітваў і паўтараў тое, што чуў калісь без усялякага сэнсу. Ратч зарагатаў:

— Што гэта ён такое вярзе?

— Не бачыш — дурань, — адказаў Румянцаў.

А маленькі брудны чалавек усё казаў:

— Зассі іх у багну, не дай ім сонейка пабачыць... Дай хлеба астаўленым. Свенты Осіп і свенты Мікола... Калі не будзеце, як дзеці...

На гэтым месцы ён запнуўся, паўтарыў «як дзеці», і як быццам толькі тут дайшло да яго тое, жудаснае, што з ім збіраюцца рабіць, бо ён раптам паў на калені і заплакаў:

— Не забівайце!.. Паночкі, не забівайце! Я вам грошай дам, шмат грошай!..

Румянцаў наліўся чырванню і закрычаў:

— Падыміся! Трус! Нічтожаства!

Палешука сілком паставілі да дрэва, але раптам Ратч сказаў задумліва:

— Скуль у яго могуць быці грошы? Можа, гэта іхні жонд прыхаваў тут частку свайго скарбу?

— Мажліва, — ажывіўся Румянцаў. — Што ж, паспрабуем.

І зноў пакрочыў перад імі паляшук. Ісці давялося ўсяго хвілін пяць. Ля сухой асіны з развілкаю ён торкнуў пальцам у зямлю:

— Тут.

Салдаты пачалі рыць зямлю, Румянцаў з Ратчам пільна сачылі за імі, і вось урэшце салдацкі штык стукнуў аб нешта. Гэтае нешта ўбачыла святло божае ў выглядзе невялічкай драўлянай скрынкі.

— Не, жондаўскім гэта быці не можа. Мала. Відаць, яго асабістае, — сказаў Ратч.

А Румянцаў прыбавіў:

— Вось падлы. А кажуць: галеча. Галеча галечаю, а грошы хаваюць.

Скрынку расчынілі, і адтуль пасыпалася на жоўтую кастрычніцкую траву палешукоўскае «багацце». Асноўную частку скарбу складалі нейкія чатырохкутныя чорныя раменьчыкі.

— Пятроўскія раменныя грошы, — сказаў Ратч і плюнуў.

Былі тут шчарбатыя, ззелянелыя грошы, а найболей таго палушкі, збітыя капейкі з лішаямі, адна «Янава галоўка».

— Дык што ж ты мне кажаш, трасца тваёй матары, — падступаў да палешука Румянцаў.

— Грошы, шмат грошай... Можна купіць... Не трэба.

— Э, ды чаго з ім размаўляць, — твар Румянцава зморшчыўся. — Стаў яго да дрэва і канчай размову.

Тагды паляшук зразумеў, што ўсё адно яго не адпусцяць і кончаць тут, ля гэтай сваёй скарбніцы, і выцягнуўся, нават здаўся вышэйшым па росту.

— Гэта я падпаліў, — сказаў ён. — Вы мяне заб'еце, але я свае імя перадаў іншаму, і ён вас таксама падпаліць і заб'е, бо кроў бедных людзей... І вы прыйшлі ў гэты лес, не паклаўшы хлеба на пень, і ён вас не выпусціць адсюль. Вы тут памрэце, бо вы кепскія людзі, і я вас сапсаваў.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win